Беларускі пісьменнік Дзмітрый Плакс атрымаў прэмію Шведскай акадэміі

Сябра Вялікай Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", беларускага пісьменніка і перакладчыка  Дзмітрыя Плакса Шведская акадэмія ўзнагародзіла прэміяй у памеры 40.000 шведскіх крон за падтрымку шведскай культуры за мяжой.

У каментарыі для БелаПАН Дзмітрый Плакс адзначыў: "Гэтую прэмію далі не за нейкі асобны твор, які я пераклаў, а сукупна за шматгадовую працу на ніве беларуска-шведскай культуры, за ўсё тое, што было мной зроблена для азнаямлення беларусаў са шведскай мовай, літаратурай, культурай. Канечне, прыемна атрымаць такую прэмію, як і любую іншую. Але быць узнагароджаным Шведскай акадэміяй прыемна асабліва, бо акадэмія мае сваёй мэтай і задачай падтрымку мовы і літаратуры". На пытанне, на што плануе Дзмітрый патраціць атрыманыя грошы, ён адказаў: "Першае, што мушу купіць, гэта новы камп`ютар: мой акурат нядаўна паляцеў, таму гэтыя грошы вельмі дарэчы. Наперадзе святы, таму ёсць куды патраціць грошы". Дзмітрый Плакс стала жыве ў Стакгольме на працягу амаль дваццаці гадоў. Ён вывучыў шведскую мову, займаецца перакладам твораў шведскіх пісьменнікаў на беларускую мову. Так, у перакладзе Плакса выйшла ў свет кніга Астрыд Ліндгрэн "Піпі Доўгаяпанчоха" ў 2008 годзе. Зборнік паэзіі вядомай шведскай пісьменніцы Катарыны Фростэнсан на беларускай мове быў адзначаны ў спісе намінантаў на прэмію часопісу "ПрайдзіСвет" як лепшая перакладная кніга 2011 года. У перакладзе Дзмітрыя Плакса ў Швецыі выйшлі кнігі Барыса Пятровіча "Фрэскі" і "Плошча", а таксама паэтычны зборнік Андрэя Хадановіча "Вольныя вершы". Цяпер у падрыхтоўцы да выхаду кніга "Вяртанне Веры" Уладзіміра Някляева. У 2004-2009 гадах Плакс быў стваральнікам і кіраўніком беларускай службы Радыё Швецыя. Апошнім часам пісьменнік піша п`есы і робіць для эфіру спектаклі пра знакавыя постаці розных краін. Так, 14 лютага на хвалях Радыё Швецыя прагучала п`еса пра літаратара і праваабаронцу Алеся Бяляцкага.

фота – Cato Lein, budzma.org

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение