Якая беларуская меншасць у Польшчы патрэбная афіцыйнаму Мінску?

Нядаўнія адмовы з выдачай візаў для ўезду ў Беларусь актыўным дзеячам беларускай меншасці ў Польшчы Алене Глагоўскай і Яўгену Вапу, здавалася б, мелі шэраговае значэнне, бо кожная дзяржава мае права самастойна вырашаць, каго ўпускаць на сваю тэрыторыю. Аднак, у шырэйшым кантэксце палітыкі беларускіх уладаў датычна суайчыннікаў замяжой і сітуацыі беларускай меншасці ў Польшчы гэтыя адмовы маюць істотнае значэнне.

Першай, каму адмовілі ў выдачы візы, была вядомы гісторык др. Алена Глагоўская, якая апрача навуковай дзейнасці ў сферы беларускіх даследаванняў удзначальвае Беларускае культурнае таварыства “Хатка” ў Гданьску, якое стала ладзіць беларускія канцэрты, літаратурныя сустрэчы, мастацкія выставы, дбае пра захаванне беларускай нацыянальнай памяці ў Польшчы. Алена Глагоўская мела ўзяць удзел у міжнароднай канферэнцыі “Людзі даўняй Гародні”, якую ладзіла Таварыства беларускай школы ў межах штогадовых Дзён святога Губерта, апекуна Гродна. Глагоўская мела выступіць з спавешчаннем пра Аляксандру Бергман. Гэтая ўражэнка Гродна і дзяячка КПЗБ, стала першай у паваеннай Польшчы даследніцай гісторыі Беларусі, аўтаркай кнігі пра Браніслава Тарашкевіча і пра беларускія справы ў міжваеннай Польшчы. Акрамя канферэнцыі, Глагоўская мела наведаць могілкі сваякоў, якія пахаваныя на беларускім баку мяжы. Гэтыя падставы прадстаўнікі Беларускага кансуляту ў Беластоку палічылі недастатковымі і 25 кастрычніка Глагоўскай было адмоўлена ў выдачы візы ў Беларусь.

Сітуацыя з Глагоўскай выглядае праявай змены палітыкі беларускіх уладаў да ўмоваў развіцця гістарычнай навукі ў краіне. Як падкрэслівае Глагоўская, ёй дагэтуль ніколі не адмаўлялі ў візе для ўдзелу ў канферэнцыях у Беларусі, апошні раз яна атрымала беларускую візу сёлета ў чэрвені на запросіны музею Янкі Купалы. Глагоўская кажа: “Усе мы ведаем, які падыход да гісторыі ў сучаснай Беларусі. Я гадамі займаюся тым, што адкрываю невядомыя старонкі гісторыі Беларусі. Але, відаць, яны нікому не патрэбныя.” З гэтым цяжка не пагадзіцца, тым больш, што Глагоўская – чалавек, які займаецца выключна навукай і не заўважаная ў наўпроставай ці ўскоснай заангажаванасці ў палітычную дзейнасць. Пры гэтым, заяўленая ёй тэма канферэнцыйнага спавешчання, прысвечаная біяграфіі Аляксандры Бергман, наўрад ці стварае хоць нейкі канфлікт з пазіцыяй афіцыйнай беларускай гістарычнай навукі. Таму, адмову ў візе для Глагоўскай можна ўспрымаць менавіта як працяг наступу беларускіх уладаў на незалежныя гістарычныя даследаванні ў Беларусі, чаму папярэднічалі падзеі вакол “Гродназнаўства” і ARCHE. Іншая справа, што ў дадзеным выпадку сітуацыя выходзіць па-за межы Беларусі і наўпрост закранае палітыку Беларусі датычна суайчыннікаў замяжой, а канкрэтна – беларускай меншасці ў Польшчы.

Неўзабаве гісторыя Глагоўскай паўтарылася вакол Яўгена Вапы, старшыні Ўправы Беларускага Радыё Рацыя і старшыні Беларускага Саюзу ў Польшчы. 20 лістапада той самы кансулят у Беластоку адмовіў Вапу ў атрыманні доўгатэрміновай візы дзеля ўезду ў Беларусь. Сябра Кансультатыўнай рады па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Беларусі, Яўген Вапа меў запрашэнне ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, у склад Вялікай Рады якога ён уваходзіць (як таксама і Глагоўская). Сітуацыя з Вапам мае шэраг акалічнасцяў, на якія варта звярнуць увагу.

Па-першае, 23 траўня мінулага году Яўгену Вапу беларускія памежныя службы анулявалі дзейную беларускую візу і забаранілі ўезд у Беларусь. Ад таго моманту да адмовы ў візе Алене Глагоўскай выпадкаў адмовы ва ўездзе ў Беларусь вядомым прадстаўнікам беларускай меншасці ў Польшчы не было.

Па-другое, у міжчассі паміж адмовай ва ўездзе ў траўні 2011 г. і падачай дакументаў на атрыманне беларускай візы, што мела вынікам адмову ў яе выдачы, “Бацькаўшчына” спрабавала даведацца на прычыны такога рашэння беларускіх уладаў, пераканаўшы Яўгена Вапу “паралельна напісаць у Міністэрства замежных справаў просьбу-хадайніцтва пра перагляд рашэння па ануляванні візы, каб з'явілася магчымасць атрымаць новую.” Пры гэтым, “Бацькаўшчынай” падкрэслівалася неабходнасць наяўнасці рэгулярных стасункаў паміж Беларуссю і беларускай меншасцю ў Польшчы.

Па-трэцяе, каментуючы адмову ў візе, Яўген Вапа звярнуў увагу на тое, што “адмаўленне ў атрыманні візы выразна паказвае, што беларусы, якія жывуць па-за межамі духоўнай Бацькаўшчыны, не могуць мець іншых поглядаў, якія адрозніваюцца ад тых, што мае ўлада, якая зараз трымае ўсе рычагі ў сваіх руках.” Пры гэтым цалкам натуральнае жаданне беларусаў замежжа ўдзельнічаць у дыскурсе наконт развіцця краіны праз тыя ці іншыя ацэнкі дзейнасці беларускіх уладаў ёсць прычынай для падзелу. Інакш кажучы, выглядае, што для беларускіх уладаў важныя не дасягненні ці праблемы беларусаў замежжа, але іх лаяльнасць да афіцыйнага Мінску.

Сітуацыя з Вапам і Глагоўскай толькі падмацоўвае тэзу, што у выпадку беларускай меншасці ў Польшчы згаданы вышэй падзел на “сваіх” і “чужых” асабліва актуальны. Варта нагадаць, што 26 сакавіка 2012 г. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў старшыню галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ) ў Польшчы Яна Сычэўскага з 75-годдзем, падкрэсліўшы што “імкненне быць беларусам і за межамі сваёй Айчыны заслугоўвае самай глыбокай павагі” і заявіўшы, што “Рэспубліка Беларусь зробіць усё, каб беларусы замежжа адчувалі любоў і падтрымку Радзімы”.

З праекцыяй на Падляшша і беларускую меншасць у Польшчы гэтая “любоў і падтрымка” выглядае даволі акрэслена. Шматгадовы кіраўнік БГКТ, найстарэйшай дзейнай беларускай арганізацыі ў Польшчы, Ян Сычэўскі з’яўляуся неаднаразовым удзельнікам “Усебеларускіх народных сходаў” і з абодвух бакоў беларуска-польскай мяжы вядомы сваімі заявамі ў падтрымку курсу цяперашняга кіраўніка беларускай дзяржавы. Відавочна, што ў выніку такой дзейнасці Сычэўскага значная частка беларускай грамады ў Польшчы нічога супольнага з ім мець не хоча. Пакінем развагі наконт падтрымкі дзейнасці Сычэўскага беларусамі Польшчы па-за межамі артыкулу, але зазначым іншую акалічнасць: у дзейнай супольнай Камісіі Ўраду Польшчы і нацыянальных і этнічных меншасцяў, створанай згодна з польскім законам “Аб нацыянальных і этнічных меншасцях, і рэгіянальнай мове”, беларускае прадстаўніцтва складаецца з двух асобаў – Яўгена Вапы (Беларускі Саюз ў Польшчы) і Яна Сычэўскага (БГКТ), што адлюстроўвае магчымы плюралізм меркаванняў беларускай супольнасці ў Польшчы. А вось з боку афіцыйнага Мінска гэтага плюралістычнага падыходу не назіраецца. Адным з доказаў такога падзелу на “сваіх” і “чужых” ёсць адсутнасць інфармацыі пра іншыя чымся БГКТ арганізацыі (за выняткам Музею і цэнтру беларускай культуры ў Гайнаўцы) у рубрыцы “Суайчыннікі” на сайце Апарату Упаўнаважанага па справах рэлiгiяў i нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, наўрад ці такі выбарлівы падыход беларускіх уладаў датычна беларускіх арганізацыяў у Польшчы сведчыць пра ўсеаб’емную “любоў і падтрымку Радзімы”, што дэкларуецца беларускімі ўладамі. Наадварот, згаданы падзел беларусаў Падляшша на “сваіх” і “чужых” з боку беларускіх уладаў не толькі спрыяе расколу, але і не спрычыняецца да эфектыўнай маральнай дапамогі з боку метраполіі этнічнай супольнасьці, сітуацыю якой Ян Максімюк справядліва акрэсліў “дэмаграфічнай катастрофай”, надалей пакідаючы яе сам на сам з собскімі праблемамі.

Гэты артыкул з'явіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 24, No. 4. © 2012 The_Point Journal/Belarusian Review


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение