У Вялікабрытаніі аднавіўся часопіс па беларусістыцы

Новы нумар «The Journal of Byelorussian Studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў») мае выйсці ў студзені-лютым 2013 года.

Як паведамляе «Белсат», «The Journal of Byelorussian Studies» упершыню выйшаў у 1965 годзе і друкаваўся раз на год. Прадмову да першага нумара напісаў прафесар Оксфардскага ўніверсітэта Роберт Оці (Robert Auty). Выданне распаўсюджваецца сярод універсітэтаў, бібліятэк і прыватных падпісантаў у Вялікабрытаніі, ЗША, Беларусі ды іншых краінах па ўсім свеце. Кожны нумар змяшчае артыкулы пра беларускую літаратуру, лінгвістыку, гісторыю і мастацтва, а таксама агляды кніг, хроніку сучасных падзеяў і шырокую бібліяграфію за папярэдні год. Часопіс выдаюць супольна Англа-беларускае таварыства і Цэнтр транзіцыйных даследаванняў (Centre for Transition Studies) у Лондане. Рэдагуе яго выпускнік Гарварду, кандыдат юрыдычных навук Яраслаў Крывой. У рэдакцыйны камітэт таксама ўваходзяць прафесар Арнольд МакМілін (Arnold McMillin) і Джым Дынглі (Jim Dingley). А ў кансультацыйную раду выдання — айцец Аляксандар Надсан (Вялікаябрытанія), доктар Андрэй Катлярчук (Швецыя), доктар Курт Вулгайзер (Curt Woolheiser, ЗША), доктар Дэйвід Марплз (David Marples, Канада), доктар Ірына Дубянецкая (Беларусь) і доктар Марцін Паўльсэн (Martin Paulsen, Нарвегія). Гэта найстарэйшае англамоўнае перыядычнае выданне, прысвечанае даследаванням у беларускай тэматыцы. Сёння часопіс выдаецца на ангельскай ды беларускай мовах і мае электронную вэрсію. Як паведаміў у «Facebook» рэдактар выдання, «The Journal of Byelorussian Studies» пачынае выходзіць пасля 24-гадовага перапынку. Цяпер прымаюцца новыя заяўкі, дэдлайн — 20 снежня.