У Вільні зноў працуе беларуская гімназія

Адзіная беларускамоўная школа ў Літве ў кастрычніку прайшла два туры акрэдытацыі, і цяпер у Вільні ёсць беларускамоўная гімназія імя Францішка Скарыны. Адзін з ініцыятараў стварэння школы, які і цяпер працуе над развіццём установы, – ураджэнец мястэчка Вішнева Валожынскага раёна Раман Вайніцкі.

Базыльянскія муры не вярнулі

Віленскую беларускую гімназію заснаваў вядомы грамадскі дзеяч Іван Луцкевіч у 1919 годзе. Яна месцілася ў Базыльянскіх мурах – у адным будынку з Беларускім музеем, Беларускім навуковым таварыствам, Беларускім нацыянальным камітэтам і іншымі беларускімі ўстановамі. Дзейнічала гімназія да чэрвеня 1944 года, пакуль у Літве не аднавілася савецкая ўлада.

Некалькі дзесяцігоддзяў беларускамоўнай агульнаадукацыйнай ўстановы ў Літве не было – аж да пачатку 1990-х гадоў.

Урок літоўскай мовы праводзіць былая выпускніца школы Аляксандра Утоўка.

Беларускі перакладчык і журналіст Сяргей Шупа ў 1991 годзе напісаў заяву міністру адукацыі Літвы, у якой адзначыў, што, згодна з Канстытуцыяй Літвы, яго сын мае права вучыцца на роднай мове. Паводле заканадаўства, калі ёсць трое прадстаўнікоў пэўнай нацыянальнасці, яны маюць поўнае права адчыняць свае класы.

Так стала магчымым стварыць беларускую школу, але трэба было яшчэ знайсці будынак.

Ініцыятары змагаліся, каб для школы вярнулі былы будынак гімназіі ў Базыльянскіх мурах. Але той будынак яны не атрымалі. Тады зноў звярнуліся да міністра адукацыі. Ён адказаў, што выдаў загад на стварэнне беларускай школы, а цяпер гарадскія ўлады мусяць паклапаціцца аб памяшканні.

Спачатку беларускамоўныя класы месціліся пры іншых віленскіх школах, а ў 1994 годзе гарадскія ўлады прапанавалі будынак былога дзіцячага садка ў даволі запушчаным стане, у якім месцамі вокны былі толькі з адной шыбай. Ніхто не верыў, што школа паўстане

– У той час ніхто не верыў, што беларускамоўная школа можа паўстаць на Літве, – прыгадвае Раман Вайніцкі, намеснік дырэктара школы, які адначасова з’яўляецца прэзідэнтам згуртаванняў беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве.

Тады адначасова пяць садкоў перадалі пад школы, і будучую беларускую школу падрыхтавалі хутка – за тры тыдні.

Летась беларуская школа у рэйтынгу ўсіх школ Літвы заняла сёмае месца, сярод школ Вільні – пятае, а сярод школ нацыянальных меншасцяў – першае. Пры гэтым навучанне адбываецца на беларускай мове, а іспыты вучні здаюць па-літоўску, і не ў сваёй школе, а ў адукацыйных цэнтрах. Дырэктар зарабляе 1000$

У гімназіі толькі літоўскую мову выкладаюць літоўцы, астатнія прадметы – мясцовыя беларусы. Дарэчы, установа ўжо сама забяспечвае сябе кадрамі – два гады настаўніцай працуе былая выпускніца беларускай школы, якая па нацыянальнасці – літоўка.

У суботу і нядзелю гімназія зачыненая. Настаўнікі, як і ў Беларусі, маюць адзін метадычны дзень.

Стол настаўніка.

Пытаюся ў намесніка дырэктара, які заробак у настаўнікаў.

– Ну, напрыклад, настаўнік англійскай мовы яшчэ не забраў квітанцыю. Вось у яго адпускныя – за чэрвень больш за шэсць тысяч літаў (больш за 19 мільёнаў рублёў). Сярэдні заробак у месяц – прыкладна 1700 літ (5,5 мільёна рублёў), дырэктар зарабляе каля тысячы даляраў.

Бацькоў у школе не павінна быць

Паводле законаў Літвы ні адзін з бацькоў не павінен пераступіць парог школы. У беларускай гімназіі маленькім вучням яшчэ дазваляюць, каб мама ці тата дапамаглі паднесці рэчы, але асноўны спосаб кантактавання школы з бацькамі – праз электронны дзённік.

У настаўніцкай таксама можна запоўніць электронны дзённік.

Пандусы ў школе павінны быць.

У гэтым дзённіку запісваюцца хатнія заданні, паведамленні для бацькоў, адзначаецца прысутнасць вучняў на ўроку. У кожным кабінеце на стале настаўніка стаіць камп’ютар, каб пасля ўрока дзённік запоўнілі. А бацькі і дзеці дома заходзяць у гэты дзённік і правяраюць адзнакі, заданні, глядзяць, што новага чуваць у школе.

Штогод тут таксама збіраюць грошы – 50 літаў (каля 160 тысяч рублёў). Збіраюць грошы адзін раз на год, ідуць яны на білеты для экскурсій і іншыя патрэбы.

У ВНУ Беларусі па льготнай квоце могуць паступаць 20 выпускнікоў беларускай гімназіі, і штогод на гэтыя месцы ёсць попыт. Але калі чалавек вяртаецца ў Літву, то дыплом трэба пацвярджаць. Падручнікі – 1994 года

Установа працуе па адаптаванай літоўскай вучэбнай праграме, а падручнікамі карыстаюцца беларускімі.

Але амаль усе падручнікі, якія мае адзіная беларускамоўная гімназія ў Літве, – 1994 года. Пра складанасці расказвае Раман Вайніцкі.

– Калі існавала праграма “Беларусь – Швецыя”, мы рэгулярна атрымлівалі падручнікі, метадычную літаратуру. Раней намі займалася Міністэрства адукацыі Беларусі, а цяпер ніхто не займаецца. Яшчэ некалькі гадоў таму сустракаўся па гэтай справе ў Міністэрстве адукацыі. Яны запэўнілі, што не паспеем да мяжы даехаць, як яны нам падручнікі завязуць, але тых падручнікаў няма і сёння.

Але дзякуючы Мінскаму гарадскому выканкаму мы маем аўтобус, на якім можам ездзіць на экскурсіі. У гэтым месяцы запланаваная экскурсія ў Полацк, каб нашы вучні пабачылі на свае вочы горад, у якім жыў Францішак Скарына.

Штодзень падвозім дзяцей да школы.

– А з літоўскім бокам бываюць непаразуменні?

– У нас наогул ніколі не было ніякіх канфліктаў, цяпер кіраўніцтва Літоўскай дзяржавы вельмі спрыяльна ставіцца да нас, Еўрасаюз выдзеліў велізарныя грошы, за якія мы зрабілі капітальны рамонт будынка – замянілі ацяпленне, вокны.

Заняткі ў гімназіі пачынаюцца з 8.50 і доўжацца да 15.25. Многія вучні прыязджаюць сюды здалёк. За 50 кіламетраў прыязджала вучыцца Аксана Вайцяховіч, вучыліся дзеці з Вісагінаса, а гэта за 175 кіламетраў. Прычым у гэтых дзяўчат не было ніводнага пропуску.

Аднойчы вучні разбілі люстэрка і прыдумалі, як схаваць пашкоджанне. Раман Вайніцкі забраў яго ў свой кабінет.

– Мусіць, вельмі зручна, калі школа невялікая?

– Бываюць школы, у якіх на ўрок прыходзіць настаўнік і не ведае ні прозвішча, ні імя вучняў. У нас такое немагчыма, таму што ўсяго ў школе 187 вучняў, усе адзін аднаго ведаюць, ведаюць бацькоў. У такіх маленькіх школах проста няма магчымасці схавацца за нечымі плячыма, на кожным уроку цябе выклічуць, таму заўсёды даводзіцца рыхтавацца.

Вучні спяваюць "Ох, і сеяла Ульяніца лянок".

Даведка “РГ”. Базыльянскія муры – комплекс былога базыльянскага манастыра, які ўтвараюць царква Святой Тройцы, званіца, будынкі жаночага і мужчынскага манастыроў, бурса, Паўночная і Паўднёвая брамы. Менавіта на гэтым месцы пад шатамі магутнага дуба амаль сем стагоддзяў таму былі пахаваныя тры віленскія святыя Антоні, Іаан і Яўстафі (іх язычніцкія імёны Кумец, Круглец і Няжыла), якія прынялі пакутніцкую смерць за часамі вялікага князя Альгерда ў 1347-м годзе. Калі стары дуб паваліўся, з яго драўніны была пастаўленая першая царква Святой Тройцы – над магіламі трох віленскіх пакутнікаў. Выпраўляючыся на бітву пад Оршай, гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі даў зарок, што калі пераможа, то пабудуе ў Вільні царкву. У бітве 1514 года войска пад яго камандаваннем перамагло армію Маскоўскага княства. Калі гетман вярнуўся ў Вільню, то ў гонар перамогі на ягоныя сродкі на гэтым месцы пабудавалі храм Святой Тройцы. Раман Вайніцкі – прэзідэнт згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве з 2009 года, прадстаўляе беларускую дыяспару ў Сойме Літвы. Намеснік дырэктара беларускай гімназіі ў Вільні. Нарадзіўся ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна 17 жніўня 1961 года. Сяргей Шупа – беларускі перакладчык і журналіст. Нарадзіўся 2 кастрычніка 1961 года ў Мінску. Закончыў інстытут замежных моў. Працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, Скарынаўскім цэнтры. Ад 1991 года жыве ў Вільні. Удзельнічаў у выданні “Нашай нівы”. Укладальнік выдання архіваў БНР. Ад 1996 года працуе на радыё “Свабода”. Пераклаў на беларускую мову творы Эдгара Алана По, Джорджа Оруэла, Праспера Мерымэ, Гі дэ Мапасана.