Жнівеньскія будні ў ТБК Літвы

У апошнюю суботу жніўня ў ТБК адбылося чарговае мерапрыемства. Яно было прысвечана тым беларускім дзеячам, якія нарадзіліся або памерлі ў жніўні.

На пачатку імпрэзы старшыня ТБК у Літве сп. Хв. Нюнька павіншаваў усіх прысутных з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

З усіх нацыянльных святаў свята дзяржаўнай незалежнасці – найвялікшае. Незалежнасць – гэта свабода нацыі. Калі свабода страчана, народ пакутуе, бо чыніцца гвалт над яго мовай, сумленнем, культурай і працай. Гонар таму народу і людзям, якія змагаюцца за свабоду і незалежнасць Айчыны.

Сп. Хв.Нюнька зачытаў віншаванне з Днём Незалежнасці ад сп. З. Пазняка.

У жніўні споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. Пра яго творчы і жыццёвы шлях прысутным распавёў сп. Артур Юдзіцкі.

Янка Брыль (Іван Антонавіч Брыль) (1917-2006) нарадзіўся 4 жніўня 1917 года ў Адэсе ў сям'і чыгуначніка. У 1922 годзе разам з бацькамі пераехаў на радзіму ў Заходнюю Беларусь (вёска Загора Карэлічскага раёну Гарадзенскай вобласці), на той час – тэрыторыя Польшчы.

Пасля заканчэння сямігодкі займаўся самаадукацыяй, бо не меў сродкаў навучацца ў гімназіі.

З 1938 года друкаваўся ў віленскім часопісе «Шлях моладзі».

У 1939 годзе прызваны ў польскае войска, служыў ў марской пехоце. У верасні 1939 года трапіў у нямецкі палон, адкуль збег на радзіму восенню 1941 году, далучыўся да савецкіх партызанаў.

З кастрычніка 1942 году – сувязны партызанскай брыгады, с сакавіка па ліпень 1944 года – партызанскі разведчык і рэдактар падпольнай газеты «Сцяг свабоды».   З кастрычніка 1944 года жыве ў Мінску. Працаваў у рэдакцыях газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», журналах «Вожык», «Маладосць», «Полымя», Дзяржаўным выдавецтве БССР.

Найбольш вядомыя творы – збрнікі «Ніжнія Байдуны» і «Золак, убачаны здалёк», раман «Птушкі і гнёзды».

Я. Брыль вядомы і як перакладчык з рускай, украінскай і польскай моваў.

Герой раману «Птушкі і гнёзды» Алесь Руневіч — гэта беларус у пошуках ідэальнай Беларусі.  Вобраз Руневіча Брыль шмат у чым напісаў з самога сябе — наіўны хлопец з Заходняй Беларусі, прызваны з  пачаткам вайны ў польскае войска, трапляе ў нямецкі палон і намагаецца ўцячы адтуль. Урэшце Руневічу з сябрам неверагодным чынам удаецца перайсці да Саветаў, ён робіцца партызанам.

Вядучы праграмы «Гамбурскі рахунак Бахарэіча» на Радыё Свабода адзначае глыбокую філасофію твораў Я.Брыля. Напрыклад, «Таталітарызм заўжды страшны найперш сваім бытам. Добрыя людзі нічога ня робяць — як вядома, гэтага цалкам хопіць для перамогі зла. Але рабі ці не рабі — ты закладнік гісторыі» і «Сталасць — гэта толькі магчымасць самому сабе выбіраць ілюзіі».

23 жніўня споўнілася 165 гадоў са дня смерці вядомага беларускага паэта, фалькларыста і драматурга Яна Чачота.

Са змястоўным дакладам пра жыццё і товорчую дзейнасць Яна Чачота выступіў сп. Зміцер Карачун.

Нарадзіўся Ян Антоні Чачот 7 ліпеня 1796 года ў в. Малюшычы Навагрудскага павета Гарадзенскай губерніі. Недзе ў 1809 годзе Ян Чачот перабраўся ў павятовы горад Навагрудак, дзе ў 1809-1815 гадах вучыўся ў дамініканскай школе. Тут ён моцна пасябраваў са сваім аднакласнікам Адамам Міцкевічам.

Увосень 1815 года выехаў у Вільню, дзе ў 1816 годзе паступіў на факультэт маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту, але дзеля фінансавых цяжкасцяў правучыўся толькі адзін год. Каб зарабіць на хлеб, працаваў памочнікам віленскім адвакатам, потым пісарам, працягваў наведваць вольным слухачом асобныя лекцыі Яўхіма Лялевеля і Ігната Даніловіча, вывучаў літаратуру, гісторыю, мовы і асабліва – права.

У 1818 годзе залічваецца ў створанае Таварыства філаматаў.

На паэтычным турніры 21 снежня 1818 году Ян Чачот быў прызнаны трэцім паэтам пасля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана.

Песні і вершы ён пісаў на народнай гаворцы, паэт сабраў тысячы аўтэнтычных беларускіх песень і выдаў іх у шасці зборніках «Сялянскіх песень...» у перакладзе на польскую мову, восьмую частку з якіх апублікаваў у беларускім арыгінале. Ян Чачот упершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу. Пазнейшыя збіральнікі народнай творчасці (А.Кіркор, І.Насовіч, П. Шэйн) у сваіх зборніках актыўна публікавалі запісаны Я.Чачотам фальклорны матэрыял.

Яго руплівая дзейнасць па збіранні беларускага фальклору і спробы ўнармавання беларускай граматыкі, паводле польскіх і беларускіх даследчыкаў, з'яўляецца здабыткам беларускага нацыянальнага адраджэння.

Вершы паэта актыўна клаліся на музыку яго сучаснікам Станіславам Манюшкам. Усяго на арыгінальныя тэксты і пераклады вусна-паэтычных твораў Я. Чачота кампазітар напісаў 22 песні – болей, чым на словы любога іншага аўтара.

Памёр Ян Чачот 23 жніўня 1847 года і пахаваны ў мястэчку Ротніца (цяпер частка Друскенікаў). Напрыканцы даклада прысутныя паслухалі 2 песні на словы Я.Чачота: «Кум і кума», «Вандроўная пташка».

28 ліпеня споўнілался 35 гадоў са дня смерці святара Льва Гарошкі. Як заўсёды, з вельмі змястоўным і цікавым дакладам выступіў сябра Рады ТБК сп. Алесь Адамковіч.

У рэлігійнай гісторыі Беларусі XX стагоддзя ёсць шмат выдатных асобаў. Але сярод іх выразна ўзвышаюцца дэве постаці – ксёндз Адам Станкевіч і архімандрыт Леў Гарошка (26.02.1911 – 28.07.1977), які нарадзіуся на Міршчыне ў 1911 годзе ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі, шырока вядомай сваёю беларускасцю. У 1931 годзе становіцца студэнтам Львоўскай грэцка-каталіцкай акадэміі.

17 кастрычніка 1937 года з бласлаўлення мітрапаліта Андрэя Шэптыцкага і ў яго прысутнасці а. Леў быў рукапаложаны ў святары біскупам Мікітам Будкам.

Польскія ўлады імкнуліся знішчыць любыя праявы беларускага жыцця "на крэсах", і а. Леў дзеля сваіх беларускіх казанняў шмат разоў пераводзіўся з парафіі на парафію, аж пакуль у 1939 годзе не быў выселены загадам наваградскага ваяводы з г. зв. прыгранічнае паласы. Але паўсюль, дзе яму даводзілася служыць, ён нёс свайму народу Слова Божае на роднай мове і сеяў зерне святое Уніі, некалі гвалтам чужынцаў адабранае ў народа.

Не спыняе а. Леў сваёй працы і пасля "уз'яднання" Заходняе Беларусі з СССР.

Калі ўвесну 1940 года ва ўмовах саюзнага падполля а. Антон Неманцэвіч прызначаецца першым у XX ст. грэка-каталіцкім Экзархам Беларусі, а. Леў Гарошка становіцца ягоным намеснікам. Падчас нямецкай акупацыі вымушаны працаваць на настаўніціх курсах, у школе, газетных рэдакцыях ды інш. У канцы вайны разам з хваляй эміграцыі апынаецца на Захадзе: спачатку ў Берліне, а пасля ў Мюнхене, дзе арганізоўвае беларускія душпастырствы.

На эміграцыі пачынаецца самы дзейсны перыяд жыцьця айца Льва. У 1946 годзе ён выдае ў Рыме малітоўнік "Божым шляхам". Ад 1947 года распачынае выданне часопіса "Божым шляхам", да 1957 году з'яўляецца яго рэдактарам. У 1959 годзе ўступае ў Ордэн айцоў Марыянаў, праз год біскупам Ч. Сіповічам прызначаецца рэктарам Беларускай Каталіцкай Місіі ў Вялікабрытаніі. У 1962-69 гг. - ігумен законніцкага дому аа. Марыянаў у Лондане. У 1965 годзе атрымоўвае годнасць Архімандрыта. У 1970-77 гг. а. Леў кіруе беларускай секцыяй радыё Ватыкану і з'яўляецца рэктарам Беларускай Каталіцкай Місіі ў Францыі. Памёр Леў Гарошка 28 ліпеня 1977 года.

На заканчэнне сустрэчы рэдактар і вядучы штотыднёвай беларускамоўнай перадачы на дзяржаўным радыё Літвы сп. Андрусь Старавойтаў распавёў пра палітычнае становішча ў Беларусі, выказаў свае погляды на выбарчы працэс і яго арганізацыю. У дыскусіі ўзялі ўдзел многія з прысутных у зале.

На сустрэчы прысутнічалі госці з Беларусі – чальцы ствараемай партыі БХД.

Вацлаў Гульбіновіч