Украінскі пісьменнік падтрымаў Дашкевіча

Украінскі пісьменнік Аляксандр Ірванец выступіў з відэазваротам ў падтрымку беларускага палітвязня, лідэра "Маладога Фронту" Змітра Дашкевіча.

Відэазварот быў зроблены ў межах інфармацыйнай кампаніі ў падтрымку беларускіх палітвязняў, якую ва Украіне праводзіць міжнародная арганізацыя Цэнтр "Супрацоўніцтва без межаў".

Нагадаем, што 28 жніўня лідэра "Маладога фронту" Змітра Дашкевіча асудзілі яшчэ на 1 год турмы. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні адміністрацыі выпраўленчай установы.

Дашкевіч знаходзіцца ў турме са снежня 2010 года. У сакавіку 2011-га года яго асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму нібыта за збіццё двух мінчан. Пакаранне палітык адбывае ў калоніі горада Глыбокае.

Для ўкраінскіх гледачоў у канцы роліка размешчана адрас, на які Змітру Дашкевічу можна напісаць ліст.

Перад гэтым удзельнікамі кампаніі ў падтрымку беларускіх палітвязняў ўжо сталі былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны і дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Алесь Доній.

Відэа: http://www.youtube.com/watch?v=ffB6PCFRcxk&feature=plcp

Прэс-служба Цэнтра "Супрацоўніцтва без межаў"