Беларускі спеў і танцы ў сэрцы Амерыкі

У суботу ў амерыканскім Саўт-Рыверы прайшоў традыцыйны беларускі фестываль. Маладое пакаленне спявае беларускія песні.

У суботу ў амерыканскім Саўт-Рыверы прайшоў традыцыйны беларускі фестываль. Маладое пакаленне спявае беларускія песні.  У цэнтры - прадстаўніца новай хвалі эміграцыі Таццяна Дзямешчык.

У суботу 4 жніўня беларуска-амерыканская грамада ў горадзе Саўт-Рывер, штат Нью-Джэрсі, адсвяткавала свой гадавы фестываль.

Падзея гэтая адбылася ў невялікай паркавай зоне Беларуска-Амерыканскага Цэнтру, што пры царкве Св. Ефрасінні Полацкай. У праграме фестывалю былі песні, карагоды, танцы, валейбольная гульня.

Працавала традыцыйная кухня з жаранінай, галубцамі, блінчыкамі ды іншымі прысмакамі. Адбылася таксама багатая латарэя. Ад гарачага дня можна было ахаладзіцца ў зале з кандыцыянерам ды халоднымі напоямі.

Асаблівасцю сёлетняга фестывалю была прысутнасць дванаццаці асобаў гасцей з Беласточчыны, якія прывезлі з сабою п’есу «Цацачная крама» аўтарства Леаніда Дранька-Майсюка на музыку Ганны Бабік.

Пасля паказу п’есы на траўніку, што паміж будынкам цэнтру і царквой, адбыліся танцы і спевы, у якіх выступілі і беластоцкія госці — група старэйшых вучняў з настаўніцамі-апякункамі Барбарай Пякарскай і Алінай Ваўранюк. На наступны дзень госці наведалі царкву Жыровіцкай Божай Маці ў суседнім з Саўт-Рыверам горадзе Гайленд-Парк, дзе таксама выступілі з паказам п’есы ды інфармацыяй пра беларускую адукацыйна-культурную дзейнасць на Беласточчыне.

Саўт-Рывер — горад у цэнтральнай частцы штата Нью-Джэрсі. Беларусы пачали перасяляцца сюды ў канцы ХІХ ст., гнаныя эканамічным крызісам з Расійскай імперыі. У пачатку ХХ ст. славянскія выхадцы з Беларусі складалі ў Саўт-Рыверы да траціны насельніцтва, засяліўшы пераважна паўднёвую частку горада. Менавіта эмігранты з ваколіц Маладзечна і Вялейкі пабудавалі ў С-Р. царкву Святых Пятра і Паўла, тады ў юрысдыкцыі РПЦ.

Збеларусізаваўся Саўт-Рывер у пачатку 1950-х з перасяленнем у яго некалькіх дзясяткаў беларускіх эмігрантаў з лагероў для перамешчаных асоб у Нямеччыне. Беларусы заснавалі прыход Св. Ефрасінні Полацкай у юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхату, збудавалі царкву, Беларуска-амерыканскі грамадскі цэнтар. У Саўт-Рыверы дзейнічалі і дзейнічаюць цяпер некалькі грамадскіх і сацыяльных арганізацый, выдаваліся газеты і часопісы. Часопіс «Беларуская думка» — не блытаць з гігінскім! — выдаецца і па сёння. У рысе гораду знаходзяцца асобныя беларускія могілкі.

Актыўнае беларускае жыццё працягваецца ў гарадку. Так, 25 сакавіка 2012 г. у Саўт-Рыверы адзначылі Дзень Волі ўзняццем нацыянальнага сцяга каля будынку гарадскога музея.

У верасні 2010 г. у Саўт-Рыверы прайшла традыцыйная сустрэча беларусаў ЗША і Канады.

nn.by