У Вільні адзначаюць 100-годдзе Аляксея Анішчыка

19 ліпеня спаўняецца 100 гадоў ад нараджэння беларускага пісьменніка і дзеяча Аляксея Анішчыка (творчы псеўданім Андрэй Чэмер), які пасля вызвалення з ГУЛАГу жыў і працаваў у Вільні.

19 ліпеня спаўняецца 100 гадоў ад нараджэння беларускага пісьменніка і дзеяча Аляксея Анішчыка (творчы псеўданім Андрэй Чэмер), які пасля вызвалення з ГУЛАГу жыў і працаваў у Вільні. Яго не стала 5 гадоў таму, і амаль да апошняга дня жыцця Аляксей Анішчык імкнуўся браць удзел у беларускім грамадскім жыцці. У Вільні будзе вечар памяці юбіляра і літургія за спачын душы ў віленскай царкве Св. Еўфрасінні.

Выпускнік Наваградскай беларускай гімназіі і Пазнанскага ўніверсітэту, Аляксей Анішчык актыўна займаўся беларускай выкладчыцкай і журналісцкай дзейнасцю ў Заходняй Беларусі ў 1940-х гадох, браў удзел у ІІ Усебеларускім кангрэсе ў Мінску ў 1944 годзе. Савецкія спецслужбы арыштавалі яго ў Польшчы у 1948-м і фактычна за беларускую дзейнасць у гады Другой сусветнай вайны ён быў асуджаны да расстрэлу. Смяротны прысуд пазней змянілі на 25 гадоў ГУЛАГу, вызвалілі ў 1962 годзе.

Прыгадвае ягоная удава, якой у лістападзе сёлета будзе 92 гады, Алена Ксавераўна Анішчык:

«Цяжкае было жыццё ў яго, 15 гадоў лагераў, 1 год – нямецкага, 14 – савецкіх… Па вызваленні ён спачатку працаваў у Воранаве, тады ў Эйшышках, пасля ў Шырвінце. Нас пазнаёміў Янка Тулейка, мы пабраліся шлюбам 24 лютага 1973 года і 34 гады жылі, ну напраўду, у поўнай згодзе, вельмі шчасліва, заўсёды я адчувала ягоны клопат і ўвагу, ведаеце, ва ўсім, у кожнай дробязі».

Алена і Аляксей Анішчыкі на наступны дзень пасьля шлюбу

Далей ужо Аляксей Анішчык жыў у Вільні, тут працаваў і пісаў вершы і ўспаміны, якія пачалі выдавацца толькі пасля аднаўлення незалежнасці Літвы, быў актыўным у беларускім грамадскім жыцці, ачольваў Віленскае беларускае таварыства палітвязняў і ссыльных. Цяперашні старшыня Таварыства Валянцін Стэх прыгадвае:

«Цяпер, магчыма, у гэта цяжка паверыць, але так сталася, што дзень у дзень, менавіта роўна за год да сваёй смерці, 31 сакавіка 2006 года, Аляксей Сцяпанавіч перадаў мне справы Таварыства, а памёр роўна праз год, 31 сакавіка 2007-га.

І да тае пары, пакуль ён мог хадзіць, пакуль мог выходзіць з дому, ён сапраўды стараўся не прапусціць ніводнага нашага мерапрыемства. Ён запомніўся як чалавек інтэлігентны, які меў веды і меў што сказаць. На кожным мерапрыемстве ён нешта дадаваў ад сябе, нешта казаў, і часта ён казаў даволі трапна, гэта трэба прызнаць».

Валянцін Стэх запрасіў далучацца да імпрэзаў у памяць юбіляра, што будуць у Вільні ў суботу 21 ліпеня – ад 10-ай гадзіны літургія за спачын душы ў віленскай праваслаўнай царкве Св. Еўфрасіні і кветкі да помніка на Свята-Еўфрасінеўскіх могілках, пасля, у 12 гадзінаў у Доме нацыянальных згуртаванняў (вул. Раўгіклас, 25) – імпрэза ў памяць Аляксея Анішчыка:

«Будзе ў ягоную памяць граць скрыпка і акардэон – гэта інструменты, на якіх ён сам добра граў. Будзе выстава ўсіх ягоных кніг, выстава, прысвечаная Алексею Анішчыку, які быў адораны рознымі талентамі і здольнасцямі, ён шмат што ўмеў. Ён маляваў, пакінуў пасля сябе карціны, ён фатаграфаваў, пісаў вершы».

Самы першы верш, які я пачула ад спадара Аляксея, калі ўпершыню была ў ягоным гасцінным доме, быў санэт, прысвечаны жонцы Алене Ксавераўне. «А я на яго, бывала, і бурчэла, што ён заўсёды мяне перад усімі на першае месца выстаўляў», – сказала на гэта спадарыня Алена. Сёння, у дзень, калі споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння яе мужа, яна кажа:

«Мая мама памерла, калі мне было 2 гады, тата другі раз ажаніўся, як мне было 6 гадоў. Так што я мамы не мела, не мела ласкі ў дзяцінстве, і толькі з ім разам я мела ўсё – і ласку, і пяшчоту, і клопат - усё. Бывае куды збіраемся, ён найперш глядзіць – як я, што мне прыгажэйшае апрануць, якія каралі, каб я як найлепш выглядала. Я яго бачу ў сне часта. Калі мне цяжка – то ён такі сумны, як бы і яму кепска, а калі мне добра – то і яго бачу такім - вясёлым, шустрым, стройным, элеганцкім, як ён заўсёды быў. Дужа-дужа добры быў, дужа добры, такога як ён іншага на свеце няма.

Ведаеце, за дзень да смерці ён мне сказаў, калі ужо не ўставаў (ён не ўставаў апошнія 4 месяцы), дык за дзень ці два да смерці ён мне сказаў: «Я цябе любіў, люблю і да апошняга дыхання буду любіць».

svaboda.org