Памёр Сяржук Вітушка

У віленскай лякарні 2 ліпеня памёр кіраўнік легендарнай мінскай «Талакі» — адной з першых паўпадпольных незалежных арганізацый у часы СССР Сяржук Вітушка.

У віленскай лякарні 2 ліпеня памёр кіраўнік легендарнай мінскай «Талакі» — адной з першых паўпадпольных незалежных арганізацый у часы СССР Сяржук Вітушка.

© Фота з архіва радыё Свабода.

За два тыдні да таго ў яго здарыўся інфаркт.

Апошнія дні ён правёў у цяжкім стане і памёр на руках у жонкі Людвікі, якая апекаваліся ім доўгія гады ягонай слабасці.

Ён доўга цяжка хварэў на дыябет, страціў зрок і нагу. Аслепнуўшы, вучыўся друкаваць на камп’ютары ўсляпую, складаючы вершы.

Сяржук Вітушка нарадзіўся ў 1965 годзе ў мястэчку Чысць Маладзечанскага р-на. Скончыў гістфак БДУ.

Шмат пісаў на тэмы маладзёвага руху, аховы помнікаў, краязнаўства. З 1991 года жыў у Вільні, працаваў у беларускай школе, на радыё і тэлебачанні. Страціўшы зрок, не спыніў актыўнае дзейнасці, у прыватнасці, арганізоўваў «сляпыя экскурсіі» для беларусаў па старажытнай сталіцы ВКЛ, працягваў шмат пісаць, у тым ліку дзіцячыя казкі і п’есы-батлейкі.

У 2011 годзе выйшла яго кніга «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!». Радыё «Рацыя» зафундавала кампакт-дыск на яе аснове.

Яго прэзентацыя ў Мінску стала апошняй імпрэзай з ягоным удзелам.

Пасля страты нагі яго перавезлі жыць у віленскую кватэру Сяргея Дубаўца, што на першым паверсе, бо з пятага паверху сваёй кватэры Вітушку цяжка было вазіць на штодзённыя працэдуры ў шпіталь.

Хаваць Вітушку, паводле запавету, будуць у родавай вёсцы Рагава.

3 ліпеня мае адбыцца развітанне ў Вільні. 4 ліпеня адбудзецца адпяванне ў грэка-каталіцкай царкве ў Мінску (Арджанікідзэ, 6, ст.м. «Аўтазаводская») і развітанне з мінскімі сябрамі.

Адышоў валатоўскі чалавек беларускай нацыі.

Светлая памяць!

Паводле nn.by