Эштан і Туск выступіілі ў падтрымку Пачобута

Вярхоўны камісар Еўрасаюза па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан і прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск выступілі ў абарону затрыманага 21 чэрвеня ў Гродне беларускага карэспандэнта «Газэты выбарчай» Андрэя Пачобута.

Вярхоўны камісар Еўрасаюза па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан і прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск выступілі ў абарону затрыманага 21 чэрвеня ў Гродне беларускага карэспандэнта «Газэты выбарчай» Андрэя Пачобута.

Эштан, у прыватнасці, заклікала беларускія ўлады спыніць пераслед актывістаў апазіцыі і незалежныя СМІ, паведамляе Польскае радыё. Яна зазначыла, што гэта не першае затрыманне журналіста, абвінавачанні ж, выстаўленыя яму, упісваюцца ў агульную карціну пераследу апазіцыі і незалежных СМІ ў Беларусі. Эштан заклікала Мінск спыніць пераследы і дазволіць грамадзянам рэалізоўваць права на грамадскую і журналісцкую дзейнасць.

Туск заявіў, што за справай Пачобута сочаць польскія дыпламатычныя службы, і выказаў шкадаванне, што Польшча чарговы раз павінна ціснуць на рэжым Лукашэнкі ў сувязі з затрыманнем апазіцыянераў. Прэм’ер паведаміў, што на апошняй сустрэчы Вышаградскай групы звярнуўся па падтрымку да калег з Чэхіі, Славакіі і Венгрыі і атрымаў «поўную салідарнасць».

22 чэрвеня Туск абмеркаваў сітуацыю вакол Пачобута з канцлерам Германіі Ангелай Меркель.

Кіраўнік польскага кабінета разлічвае на эфектыўнасць размовы: раней у падобных выпадках Беларусь, паводле яго слоў, саступала пад націскам усяго ЕС і яго рэзкай крытыкі.

Між тым, як паведамляе радыё «Свабода», прэс-сакратар беларускага пасольства ў Варшаве Аляксей Зелянко заявіў, што спробы націску на айчынную сістэму юстыцыі бесперспектыўныя.

Андрэй Пачобут быў затрыманы вечарам 21 чэрвеня ў сябе дома ў Гродне. У яго кватэры правялі вобыск, пасля чаго Пачобута павезлі ў пракуратуру, а адтуль даставілі ў следчы ізалятар. У дачыненні да журналіста распачата справа на падставе ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на прэзідэнта, учынены асобай, раней судзімай за паклёп ці абразу). Яму пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.

nn.by