Інтарэсы Беларусі на канферэнцыі ў Брусэлі прадстаўляла Рада БНР

У Брусэлі ў Еўрапарламенце адбылася міжнародная канферэнцыя «Прававое ўрэгуляванне злачынстваў камунізму».

У Брусэлі ў Еўрапарламенце адбылася міжнародная канферэнцыя «Прававое ўрэгуляванне злачынстваў камунізму».

Гэта не першая міжнародная канферэнцыя, прысвечаная палітычнаму і юрыдычнаму аналізу злачынстваў камунізму. Цягам апошніх гадоў гэты форум пераўтварыўся ў своеасаблівы сталы орган — з удзелам палітыкаў, навукоўцаў, актывістаў праваабарончых арганізацыяў. У 2008 годзе ў Празе ўдзельнікаў канферэнцыі вітаў Вацлаў Гавэл, ганаровым госцем і выступоўцам была старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. У лютым 2010 году, таксама ў сталіцы Чэхіі, з дакладам аб прававых аспектах камуністычных злачынстваў у Беларусі выступаў Зянон Пазьняк.

Сёлета арганізатарам канферэнцыі выступіў Еўрапарламент, удзельнікі сабраліся ў Брусэлі.

Сваё прывітанне ўдзельнікам канферэнцыі даслала старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, якая адзначыла, што ў Беларусі цягам дзесяцігоддзяў фізічнае знішчэнне людзей камуністычнай сістэмай спалучалася з сістэматычнай русіфікацыяй, здушэннем мовы, культуры, нацыянальных адметнасцяў. «Беларусь і сёння пакутуе ад праўлення прамых палітычных наступнікаў камуністычнага рэжыму», — адзначыла Івонка Сурвілла.

На канферэнцыі з дакладам «Да пытання аб прававым урэгуляванні злачынстваў камунізму: беларуская перспектыва» выступіў намеснік сакратара замежных спраў Рады БНР Мікола Пачкаеў (Лондан).

Ён нагадаў, што «дэмакратычная беларуская дзяржава была абвешчаная цалкам незалежнай 25 сакавіка 1918 году. БНР была прызнаная некалькімі дзяржавамі, але ў выніку недахопу падтрымкі з боку вялікіх дзяржаў таго часу, у пачатку 1919 году БНР была захопленая Чырвонай Арміяй Савецкай Расіі, яе дзяржаўныя інстытуцыі выправіліся ў выгнанне. Беларусь была абвешчаная савецкай рэспублікай. Затым яна была падзеленая паміж Савецкай Расіяй і Польшчай паводле Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе. Лялечная БССР была адноўленая на ўсход ад гэтай мяжы, уключаная ў склад СССР, і зазнала бальшавіцкі і сталінскі тэрор. З 1929 году камуністычныя „сацыяльныя чысткі“ ў Беларусі былі дапоўненыя сістэматычным пераследам і знішчэннем нацыянальнага адукаванага класу. Пасля верасня 1939 г. тая самая доля напаткала заходнія раёны Беларусі. Рэпрэсіі працягваліся і ў меншых маштабах пасля Другой сусветнай вайны. Агульная колькасць ахвяраў, якія можна прасачыць па дакументальных спасылках, у цяперашні час ацэньваецца прыкладна ў 700 000, г. зн. каля 10% насельніцтва. Колькасць забітых у Курапатах пад Мінскам, часткова раскапаных ў 1988 годзе, паводле ацэнак, налічвае больш за 150 000 ахвяраў. Ганенні на дысідэнтаў і палітыка „раздзяржаўлення“ ў Беларусі працягвалася ў розных формах аж да канца перабудовы».

Мікола Пачкаеў нагадаў, што ў 1990-1991 дэпутацкая група БНФ у Вярхоўным Савеце дамаглася прыняцця некаторых прававых нормаў у дачыненні да ахвяраў рэпрэсій, аднак пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі, у 1995 годзе, ахвяры былі пазбаўленыя льготаў. Нарэшце, паведаміў спадар Пачкаеў, цяперашнія рэпрэсіі ў Беларусі зрабіліся магчымымі ў тым ліку і таму, што ў Беларусі, у адрозьненне ад шмат якіх краінаў Усходняй Еўропы, камуністычная сістэма не была асуджаная.

Значная частка выступу прадстаўніка БНР была прысвечаная прававой ацэнцы злачынстваў камунізму. На думку Міколы Пачкаева, у выпадку з Беларуссю можна казаць пра юрыдычны тэрмін «бесперапыннасці» камуністычных злачынстваў — паколькі адбылося аднаўленне элементаў камуністычнай сістэмы.

Ад імя сакратарыяту замежных спраў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадар Пачкаеў прапанаваў увесці ў Еўрасаюзе судовую адказнасць за злачынствы камунізму без тэрміну даўніны. Рада БНР у выгнанні будзе заклікаць будучую дэмакратычную ўладу ў Беларусі падтрымаць стварэнне міжнароднага суду за злачынствы камунізму і камуністычных злачынстваў вытворных, без тэрміну даўніны. «Мы лічым, што прызнанне юрысдыкцыі судовага органу павінна быць абавязковай умовай для любой дзяржавы, якая хоча ўступіць у пагадненне аб асацыяцыі альбо далучэнні да Еўрасаюзу, ці ўступаць у іншыя тыпы пагадненняў з ЕС», — заявіў у Брусэлі прадстаўнік Рады БНР.

svaboda.org


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение