ЕГУ святкуе 20-гадовы юбілей

Еўрапейскі гуманітарны унівэрсітэт, які працуе ў Літве, адзначае 20-я ўгодкі сваёй дзейнасці і працягвае працаваць у выгнанні.

Еўрапейскі гуманітарны унівэрсітэт, які працуе ў Літве, адзначае 20-я ўгодкі сваёй дзейнасці і працягвае працаваць у выгнанні.

Міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс адзначыў, што ЕГУ рыхтуе будучае пакаленне Беларусі і дае надзею на стварэнне ў гэтай краіне адкрытага грамадства, якое будзе грунтавацца на ліберальных і дэмакратычных каштоўнасцях, паведамляе партал DELFI са спасылкай на прэсавую службу МЗС Літвы.

Сёння міністар узяў удзел у штогадовай Асамблеі донараў Мэтавага фонду ЕГУ і ва ўрачыстасцях, прысвечаных 20-м угодкам дзейнасці універсітэту.

«Падтрымліваючы ЕГУ, мы ўдзельнічаем у пазітыўных зменах у Беларусі. Гэта – наш унёсак у будучыню беларускага грамадства», – заявіў спадар Ажубаліс.

ЕГУ быў заснаваны ў 1992 годзе ў Беларусі, аднак у 2005 годзе, пад ціскам уладаў краіны, унівэрсітэт быў пераведзены ў Вільню. У цяперашні час ва ўніверсітэце навучаюцца 1800 студэнтаў, большасць з якіх з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі.

Мэтавы фонд ЕГУ – асноўны цэнтар донарскай дапамогі і падтрымкі, які збірае і размяркоўвае сродкі донараў. Фонд быў заснаваны ў 2008 годзе з ініцыятывы Еўрапейскай Камісіі і рашэння Рады міністраў паўночных краін.

* * *

6 чэрвеня ў Віленскай ратушы адбудзецца ўрачысты прыём з нагоды святкаваньня 20-х угодкаў заснавання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.

Прэм’ер-міністар Літвы ды іншыя адмысловыя госці, у тым ліку дыпламаты, замежныя навукоўцы, бізнесоўцы і лідэры грамадзянскай супольнасці, збяруцца разам, каб адзначыць мужнасць і адданасць выкладчыкаў, выпускнікоў і студэнтаў ЕГУ, якія пераадолелі неверагодныя выклікі, каб даць студэнтам і даследчыкам магчымасць карыстацца акадэмічнымі свабодамі, гаворыцца ў паведамленні на сайце ўніверсітэту.

Урачысты прыём станецца кульмінацыйным момантам першага вечару сустрэчы выпускнікоў ЕГУ ў Вільні, на якую запрошаныя ўсе выпускнікі ЕГУ мінскага і віленскага перыядаў. За час існавання ЕГУ яго выпускнікамі сталі амаль 2000 студэнтаў, сярод іх каля 700 – у віленскі перыяд дзейнасці ўніверсітэту.

svaboda.org