15-годдзе навучання беларускай мовы ў Беластоку

Музычнымі і тэатральнымі выступамі дзяцей распачаліся святкаванні 15-годдзя навучання беларускай мовы ў школах Беластока і 15-годдзя тэатральнага гуртка “Гульня ў тэатр”.

Музычнымі і тэатральнымі выступамі дзяцей распачаліся святкаванні 15-годдзя навучання беларускай мовы ў школах Беластока і 15-годдзя тэатральнага гуртка “Гульня ў тэатр”.

Галоўнымі героямі імпрэзы, якая прайшла ў “Склепе з культурай” у пачатковай школе №4 у Беластоку, сталі самі дзеці, іх бацькі і настаўнікі. Апякунка тэатральнага гуртка Аліна Ваўранюк яшчэ перад пачаткам імпрэзы адзначыла, што хвалюецца, бо можа не хапіць месцаў для ўсіх гасцей, якія прыйшлі.

Дзеці паказалі два спектаклі ў выкананні ўдзельнікаў тэатральнага гуртка "Гульня ў тэатр": "Казка пра вельмі сумнага асла" паводле З. Вуйцік у перакладзе Аліны Ваўранюк і "Звярынкі з глыбінкі" на вершы Міры Лукшы з музыкай Анны Бабік. Рэжысёрам абодвух спектакляў з’яўляецца Аліна Ваўранюк.

Як кажа айцец Уладзімір Місіюк, дзіця якога таксама выступала падчас мерапрыемства, тэатр – гэта і добрая выхаваўчая школа:

Гэта праца, супольная праца: ці то падчас спявання, ці то падчас тэатра. Яна дапамагае думаць не пра “сябе”, а пра “нас”: што мы разам робім, як мы гэта робім, як мы гэта будзем паказваць другім, не толькі для нас самых. Так што, па-мойму, гэта вельмі па-царкоўнаму.

Значныя эмоцыі ва ўсіх гасцей імпрэзы выклікалі выступы дзіцячай групы Студыі беларускага фальклору, падрыхтаваныя Аннай Васькоўскай і Аленай Ладуцькай. Спадарыня Алена прыязджае займацца з дзеткамі кожны месяц з Мінска: "Я сама беларуска, таму і прыязджаю да беларускіх дзяцей у гэты бок, на Беласточчыну, каб займацца беларускім фальклорам. Людзі, якія тут гэтым займаюцца, і Аліна Ваўранюк, і Барбара Пякарская, і бацькі, усё аб’яднанне АБ-БА – вельмі цікавыя, апантаныя беларускасцю. І мне цікава, я прыязджаю ўжо не першы год, працую і вельмі задаволеная гэтымі сувязямі і гэтай працай".

Маці двух сыноў Марыя Здрайкоўская кажа, што музыка таксама навучае і мове:

Музыка вельмі важная ў навучанні найперш словаў. Дзеці пазнаюць абсалютна новыя словы, нават такія, якімі мы штодзённа не карыстаемся.

Ужо 1-га чэрвеня “Склеп з культурай” аб’яднання АБ-БА запрашае на дыскусійны клуб, у межах якога пройдзе сустрэча з Андрэем Мельнікавым і канцэрт гэтага беларускага барда. Галоўнае ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае 15-годдзю навучання беларускай мовы ў школах Беластока і тэатральнага гуртка "Гульня ў тэатр", запланавана на 6-га чэрвеня ў Кіно Форум.

Яна Запольская, Радыё Рацыя.