Беларускія кнігі ў пецярбургскай бібліятэцы

“Беларусу лягчэй загаварыць па-беларуску за мяжой,” – упэўнены грамадзянін Расійскай Федэрацыі, але беларус па духу і паходжанні Мікалай Нікалаеў.

“Беларусу лягчэй загаварыць па-беларуску за мяжой,” – упэўнены грамадзянін Расійскай Федэрацыі, але беларус па духу і паходжанні Мікалай Нікалаеў. Мікалай з’яўляецца не толькі аўтарам энцыклапедыі “Беларускі Пецярбург”. Ён яшчэ загадчык аддзела рэдкіх кніг у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, у якой, як вядома, знаходзіцца вялікая колькасць беларускіх кніжных рарытэтаў.

Напрыклад, найбуйнейшая ў свеце калекцыя скарынінскіх кніг, у той час як у Беларусі няма ніводнага асобніка.

Мікалай Нікалаеў: Вельмі многа матэрыялу, датычнага Беларусі, у нас: напрыклад, тры полацкія перамены Евангелля, - прычым у нас захаваная самая старажытная беларуская рукапісная кніга Полацкае Евангелле. Гэта ХІІ стагоддзе. Ёсць больш старое тураўскае выданне, але там захавалася толькі 6 старонак і з ХІV стагоддзя два Евангелля з манастыра ў Полацку, які знаходзіўся на востраве. Вострава гэтага ўжо няма, Заходняя Дзвіна злучылася з берагам. Там вельмі цікавыя рэчы з прыпіскамі палачан рознага часу.

Ёсць карты і атласы, прывезеныя з Полацка, якія калісьці царскі ўрад канфіскаваў. Яны цяпер у Аддзеле катраграфіі. Ёсць цікавыя нотныя матэрыялы ў Аддзеле нот і гуказапісу. Ёсць практычна ўсё,што надрукавана на тэрыторыі Беларусі ў часы Расійскай імперыі. Немцы ў Ленінград не ўвайшлі і нічога не вывезлі. Праўда, забралі палякі. У 1921 годзе быў заключаны Рыжскі мір, і Польшча атрымала вяртанне датычных Польшчы кніг. Польшча трактавала сябе як спадкаемніцу Рэчы Паспалітай і ўсё датычнае Беларусі яны забралі, але засталося шмат, і даследчык беларускай мінуўшчыны тут знойдзе багата матэрыялаў.

РР: Зарыентуйце пра шляхі трапляння беларускіх кніг у пецярбургскую бібліятэку.

Мікалай Нікалаеў: Шляхоў было шмат, многа дарылі. Напрыклад, ксёндз Іосіф Малышэвіч, які жыў недалёка ад Беластока, у імператарскую бібліятэку падарыў тысячы кніг. Яму за гэта ордэн далі. Так да нас трапіў адзіны знаны тады ў Еўропе асобнік паэмы «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Канечне, былі яшчэ і канфіскаты падчас паўстання 1831 года, паўстання 1863 года: удзельнікі паўстання былі рэпрэсаваныя царскім урадам, а іх бібліятэкі пазабіраныя. Калі царскі ўрад закрываў манастыры - і праваслаўныя, і каталіцкія - іхныя бібліятэкі наведвалі агенты імператарскай бібліятэкі і ўсё вывозілася ў Пецярбург. Апрача таго бібліятэка яшчэ купляла рэдкія рэчы, а рэдкія рэчы самі беларусы папрадавалі, тыя самыя Полацкія Евангеллі папы папрадавалі.

РР: А што са скарынінскіх кніг? Вядома, што ў Пецярбургу іх самая вялікая калекцыя.

Мікалай Нікалаеў: У нас тры поўныя камплекты Бібліі Скарыны, усе выданні "Малой падарожнай кніжкі".

Адносна перадачы арыгіналаў кніг Скарыны на радзіму Мікалай Нікалаеў гаворыць, што такое было б магчыма пры адпаведнай палітычнай волі. Пакуль жа прагрэсам ужо ёсць і тое, што беларусы зрабілі факсімільнае выданне скарынінскай Бібліі.

Алеся Лугавая, Радыё Рацыя.