Беларуская вясна ў Вільні

Гэтымі выходнымі ў Вільні у клубах і на вуліцах старога гораду гучала беларуская музыка. У Дні вулічнай музыкі ў Вільні сёлета ўпершыню ўдзельнічалі беларускія выканаўцы, а ў клубе «Propaganda» на Туравай гары адбыўся канцэрт салідарнасці з Беларуссю.

Рок-гурт Сцяна, а таксама хіп-хоп выканаўца Vinsent разам з гуртом выступілі на канцэрце «Салідарнасць з Беларуссю» ў Вільні. Адзін з арганізатараў, прэзідэнт моладзевай асацыяцыі «StudAlliance» Кірыл Атаманчык распавёў, што канцэрт — частка імпрэзаў вялікага культурна-інфармацыйнага праекту «Беларуская вясна ў Вільні», які пачаўся ад сакавіка, калі з нагоды Дня Волі ў Вільні прайшоў «Беларускі тыдзень»: «Мы падумалі, што калі ўжо здолелі тыдзень зладзіць, арганізуем і цэлую беларускую вясну.

Мэта — знаёмства жыхароў Вільні з Беларуссю: як з яе дасягненнямі, так і з праблемамі. Гэты канцэрт салідарнасці не мае палітычнай афарбоўкі, мы намагаліся зрабіць яго больш кантэкстуальным. У гэты самы дзень, 19 траўня, у Вільні, як і у некалькіх іншых еўрапейскіх гарадах і ў дзясятках гарадоў і мястэчак Літвы — Дзень вулічнай музыкі, у якім сёлета ўпершыню бяруць удзел шмат беларусаў. Мы зрабілі ў гэты дзень і канцэрт салідарнасці з Беларуссю, і на ўсіх афішах мы падкрэсліваем, што гэта музыка без межаў, гэта знаёмства з сённяшнім музычным жыццём Беларусі. Таму мы далучыліся і да Дня вулічнай музыкі. Падтрымлівае і дапамагае і ЕГУ, і літоўскі МЗС, — да прыкладу, усе музыкі, якія заявілі пра сваё жаданне браць удзел у Дні вулічнай музыкі, атрымалі візы бясплатна». У гэты Дзень увесь стары горад робіцца сцэнай для выканаўцаў, і выступаць могуць усе ахвотныя. У Вільні выступілі каля 1000 музыкаў, у іх ліку — некалькі дзясяткаў з Беларусі, — заяўкі, паводле арганізатараў, былі ад 17 беларускіх гуртоў (каля 70 чалавек).
Гурт "Малыш і Карлсан"

Гурт «Малыш і Карлсан», які граў на Віленскім Зарэччы, спяваў і свае творы, і кавэры. Адна з салістак, Наташа: «Мы ў Вільні ўпершыню, а ў Беларусі ў Менску ужо спявалі на вуліцы. Мы вельмі любім спяваць на вуліцы, бо тут такая атмасфера, якую не адчуеш ні дома, ні ў залі на канцэрце. Людзі праходзяць, дораць свае ўсмешкі, і мы адчуваем ад гэтага новыя сілы». На вуліцах старога гораду ў Вільні выступалі беларускія рок- і фолк-выканаўцы, бубначы, фаер-шоў калектыў і фрык-шоў тэатар «Бармаглот». У межах «Беларускай вясны» плануюцца яшчэ імпрэзы, якія захопяць і летнія месяцы. «Наступная бліжэйшая імпрэза Беларускай вясны ў Вільні — выстава прац фіналістаў конкурсу „Прэс-фота Беларусі — 2012“, якая адкрыецца 24 траўня і будзе трываць да 2 чэрвеня», — запрасіў адзін з арганізатараў, лідэр «StudAlliance» Кірыл Атаманчык.

svaboda.org


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение