На віленскім вакзале прайшла акцыя за адмену візавага рэжыму з Беларуссю

Увечары 12 траўня ў Вільні на плошчы перад чыгуначным вакзалам прайшла акцыя, якую правялі актывісты недзяржаўных арганізацый BelarusWatch і StudAlliance у межах грамадзянскай кампаніі "Без візы!", накіраванай на адмену візавага рэжыму з Беларуссю.

Увечары 12 траўня ў Вільні на плошчы перад чыгуначным вакзалам прайшла акцыя, якую правялі актывісты недзяржаўных арганізацый BelarusWatch і StudAlliance у межах грамадзянскай кампаніі "Без візы!", накіраванай на адмену візавага рэжыму з Беларуссю.

Акцыя была прымеркаваная да адкрыцця інсталяцыі "Стагоддзямі разам, а цяпер…", якая сімвалізуе бар'еры паміж Беларуссю і Літвой.

Як паведаміў БелаПАН адзін з арганізатараў Алесь Герасіменка, валанцёры кампаніі "Без візы!" правялі гульню, удзельнікі якой праходзілі своеасаблівы "пагранічны пункт на беларуска-літоўскай мяжы", спецыяльна збудаваны на плошчы перад вільнюскім вакзалам. Ім прапаноўвалася прайсці ўсе працэдуры, з якімі сутыкаюцца беларусы і літоўцы, якія жадаюць трапіць на тэрыторыю суседняй дзяржавы.

"Мы прапаноўвалі прахожым, сярод якіх былі беларусы, літоўцы, рускія і нават адзін амерыканец, перасячы мяжу, прайшоўшы перад гэтым усе кругі гэтай працэдуры: атрыманне страхоўкі, візы, пераадоленне мытні і гэтак далей", — расказаў Герасіменка.

Паводле яго слоў, за гадзіну правядзення акцыі ў ёй узялі ўдзел больш за 50 чалавек, якім пасля "перасячэння мяжы" было прапанавана выказацца наконт гэтага. У асноўным, паведаміў актывіст, людзі падтрымлівалі ідэю адмены віз і, адпаведна, звязаных з іх атрыманнем праблем.

Падчас акцыі таксама быў арганізаваны збор подпісаў пад "Антывізавым маніфестам". Таксама ўдзельнікі акцыі змаглі падпісаць паштоўкі, на якіх выказвалі сваё стаўленне да візавых бар'ераў. Пазней гэтыя паштоўкі будуць накіраваныя ў дзяржаўныя органы Літвы і Беларусі.

Нагадаем, удзельнікі кампаніі "Без візы!" настойваюць, што, нягледзячы на палітычныя супярэчнасці, улады Беларусі і Еўрасаюза павінны дамаўляцца або прымаць меры ў аднабаковым парадку для аблягчэння кантактаў паміж людзьмі.

racyja.com