130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы адзначаць у Беластоку

“Усё пачалося з Вязынкі” - мультымедыйная прэзентацыя, прымеркаваная да 130 гадавіны з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, пройдзе ў Беластоку ў межах Падляшскіх дзён навукі.

“Усё пачалося з Вязынкі” - мультымедыйная прэзентацыя, прымеркаваная да 130 гадавіны з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, пройдзе ў Беластоку ў межах Падляшскіх дзён навукі.

Прэзентацыю пра месца нараджэння найбольш вядомага і трагічнага песняра Беларусі ладзіць кафедра беларускай культуры ў Беластоку. Гаворыць суарганізатар мерапрыемства доктар Лена Глагоўская:

– Будзем тут прымаць гасцей, нашчадкаў былых уласнікаў Вязынкі, якія мультымедыйна пакажуць як выглядаў двор у Вязынцы, тады калі нарадзіўся Янка Купала. Прыедуць супрацоўнікі музея Янкі Купалы з Мінска, раскажуць нам пра зборы свае, прысвечаныя Вязынцы, пра ўспаміны жыхароў Вязынкі і ўласнікаў Замбжыцкіх, якія яны запісвалі.

Чакаецца, што госці з мінскага музея Янкі Купалы раскажуць пра музейныя і архіўныя калекцыі, звязаныя з лёсам паэта. З Варшавы прыедзе прафесар Марыя Нагенць з дому Сваневіч і нашчадкі роду Замбжыцкіх - былых уласнікаў Вязынкі, якія таксама былі ўдзельнікамі студзеньскага паўстання на Міншчыне. Сустрэча “Усё пачалося з Вязынкі” адбудзецца 29 траўня ў зале ўніверсітэта ў Беластоку а 17.00.

Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя.