Беларускія дыпламаты працягваюць дабівацца вызвалення затрыманых у Лівіі грамадзян Беларусі

Беларускія дыпламаты працягваюць дабівацца вызвалення арыштаваных у Лівіі грамадзян Беларусі, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных. Беларускія дыпламаты працягваюць дабівацца вызвалення арыштаваных у Лівіі грамадзян Беларусі, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Ён не змог пацвердзіць інфармацыю Бі-бі-сі аб тым, што арыштаваныя ў Лівіі грамадзяне Беларусі, Расіі і Украіны звярнуліся да прэзідэнтаў сваіх краін з просьбай умяшацца ў сітуацыю. Паводле слоў прэс-сакратара, супрацоўнікі беларускага пасольства ў Лівіі апошні раз сустракаліся з арыштаванымі беларусамі 7 мая. "На той момант нейкай інфармацыі аб звароце да прэзідэнта, аб якім паведамляе Бі-бі-сі, не паступала. Нашы дыпламаты працягваюць дабівацца вызвалення нашых грамадзян і найхутчэйшага іх вяртання на радзіму", — сказаў Савіных.

Між тым Бі-бі-сі са спасылкай на аднаго з затрыманых, расіяніна Аляксандра Шадрова, паведамляе, што арыштаваныя грамадзяне Расіі, Беларусі і Украіны не спадзяюцца на справядлівы суд, а пасольства Расіі ў Лівіі прыкладае недастаткова намаганняў, каб дабіцца іх вызвалення. Паводле слоў Шадрова, у пасольства проста недастаткова паўнамоцтваў. Расіянін таксама выказаў меркаванне, што няпэўнасць у іх лёсе можа быць звязана з выбарамі ў Лівіі, якія пройдуць у чэрвені. "Магчыма, камусьці патрэбны затрыманыя іншаземцы і суд над імі", — сказаў Шадроў.

Нагадаем, судовы працэс над трыма затрыманымі ў Лівіі беларусамі, двума расіянамі і 19 украінцамі, якія абвінавачваюцца ва ўдзеле ў ваенных дзеяннях на баку звергнутага Маумара Кадафі, пачаўся 9 красавіка. МЗС Беларусі заявіла, што абвінавачанне ў дачыненні да беларускіх грамадзян не адпавядае рэчаіснасці. Паводле інфармацыі МЗС, беларусы прыехалі ў Лівію па кантракце для працы на цывільных аб'ектах і былі арыштаваныя адразу пасля перасячэння мяжы разам з грамадзянамі Расіі і Украіны.

Раней у замежнай прэсе неаднаразова з'явіліся паведамленні са спасылкай на крыніцы ў Пераходным нацыянальным савеце Лівіі аб тым, што сярод замежных наёмнікаў, якія ваююць на баку Муамара Кадафі, былі беларускія грамадзяне. Афіцыйны Мінск абвяргаў інфармацыю аб прысутнасці ў Лівіі ваенных спецыялістаў з Беларусі. Аднак незалежныя эксперты не выключалі, што наёмнікі з Беларусі, у тым ліку былыя ваенныя спецыялісты, маглі знаходзіцца ў Лівіі ў прыватным парадку.

belapan.by