Стартаваў фестываль "Там па маёвай росі"

Карагоды сярод вёсак, абрады звязаныя са святам Юр’я, ці выступы фальклорных калектываў з Кобрыншчыны і Бельшчыны – гэта ўсё другі дзень падляшска-палескага фестываля “Там па маёвай росі”.

Святкаванне Юр’я пачалося ў Студзіводах, дзе ўдзельнікі абыйшлі пасевы збожжа і паказалі абрады звязаныя з Юр’ем. Святочны карагод завітаў таксама ў вёскі Гусакі, Арэхвічы і Гацькі. На вуліцы гэтых мясцовасцяў выйшлі сотні жыхароў і аматараў беларускага фальклору. Тут свае песні прэзентавалі этнаграфічныя гурты з Дывіна і Хмелева. Па словах Дарафея Фіёніка, арганізатара фестывалю, да гэтага часу святкаванне Юр’я не адбывалася ў рамках фестываля “Там па маёвай росі”.

- Штогод ішлі на Юр’я з караваем, качаліся, наша сям’я, знаёмыя часам далучаліся. А цяпер вырашылі, няхай Юр’я ўпішацца ў наш фестываль. Мы гэты фестываль не першы раз робім, але першы раз увайшлі ў вёску. І не памыліліся. Бо тая сотня людзей, што тут сабралася і цярпліва чакала нас, сведчыць пра цікавасць да гэтага культурнага мерапрыемства.

Супольным спяваннем песень і карагодам у вёсцы Гацькі закончыўся другі дзень фестывалю. Наступная сустрэча з беларускім фальклорам у рамках фестываля “Там па маёвай росі” ўжо праз два тыдні. Тады Студзіводы наведаюць чарговыя калектывы з кобрынскай зямлі. У Бельску адбудзецца таксама традыцыйны кірмаш на святога Мікалая. Раней, 10 траўня, пачынаецца трэці разбярскі плэнер пад загалоўкам “Студзіводы”.

Лукаш Леанюк, Радыё Рацыя

* * *

Фестываль "Там па маёвай росі" распачаўся ў Студзіводах каля Бельска-Падляшскага. У чарговы раз тут сабраліся аматары падляшска-палескага фальклору, народнай традыцыі і мовы.

Падляшска-палескі фестываль "Там па маёвай росі" працягнецца карагодамі, прысвечанымі святу Юр’я. У гэтыя хвіліны ў Студзіводах, на поле Старыя Парубы, рушыць карагод, удзельнікі якога абыйдуць пасевы збожжа і пакажуць абрады, звязаныя з Юр’ем. На працягу другой паловы дня карагоды пройдуць таксама вуліцамі Гусакоў, Арэхвічаў і Гацькоў.

Як адзначае старшыня таварыства "Гай" Ян Мордань з Гацькоў, у вёсцы ўжо дзесяць гадоў супольна збіраюцца на Юр’я, але сёлетняе святкаванне - асаблівае:

- Таму што ў межах фестывалю “Там па маёвай росі”, прыязджаюць два фальклорныя калектывы з Брэстчыны. Завітаюць да нас як бы з іншай вёскі і ўвойдуць карагодам у вёску Гацькі. Я думаю, што гэтыя калектывы мясцовыя жыхары сустрэнуць належным чынам.

А 15-ай гадзіне абыход збожжа і выхад этнаграфічных гуртоў з Дывіна і Хмелева плануецца ў вёсцы Гусакі. У 17.30 карагод пройдзе вуліцай Арэхавічаў, а ў 18 гадзін - завітае ў Гацькі.

* * *

У першы дзень фестывалю гаварылі пра сувязі Бельскай ды Кобрынскай земляў: у музеі Малой Айчыны ў Студзіводах адкрылася выстава "Традыцыйнае адзенне Кобрынскай зямлі", прайшоў тэматычны папулярна-навуковы семінар.

Як адзначае старшыня музея, арганізатар фестывалю Дарафей Фіёнік, для яго Кобрыншчына - гэта блізкая ў духоўным і гістарычным сэнсе зямля:

- Кобрыншчына сёння – гэта Палессе, але гістарычна гэта Падляшша, бо ў Падляшскае ваяводства, якое было створана ў 1513 годзе, таксама ўваходзіў Кобрынскі павет, Кобрынская зямля, Кобрынскае княства. Тут вельмі глыбокія гістарычныя і культурныя сувязі. Культура, мова, традыцыя - ўсё паміж сабой звязана.

Удзельніцы этнаграфічнай групы з Дывіна, што на Кобрыншчыне, заспявалі гасцям фестывалю свае традыцыйныя песні, якія, як кажуць, ведаюць ад сваіх бацькоў і дзядоў:

- Яшчэ дзяўчатамі былі, калі нашыя бабулі і матулі спявалі, ну а цяпер нам засталося. Гэтым песням хіба за сто гадоў, мне ўжо 71 год, а я была самая малодшая ў сям’і. Яшчэ бацькі нашыя жаніліся з гэтымі песнямі, яны ўжо зрабіліся традыцыйнымі, па-ціху адыходзяць, але пакуль мы жывыя будзем берагчы.

Прайшоў у Студзіводах і аўтарскі вечар Пятра Шэпэцюка з вёскі Лелікава, які піша на даволі рэдкім тараканскім дыялекце. Аўтар уклаў нават невялікі слоўнік сваёй роднай гаворкі. Сёння Фестываль працягнецца карагодамі, прысвечанымі святу Юр’я, якія пройдуць вуліцамі Гусакоў, Арэхавічаў і Гацькоў. Агулам фестывальныя мерапрыемствы будуць доўжыцца цэлы месяц.

racyja.com