Чарговы акт вандалізму на Падляшшы

Невядомыя замалявалі беларускія надпісы на дзесяці двухмоўных указальных дошках у гміне Орля ў кірунку вёсак Спічкі, Кошкі, Тапчыкалы і Шчыты Дзенцёлова.

Невядомыя замалявалі беларускія надпісы на дзесяці двухмоўных указальных дошках у гміне Орля ў кірунку вёсак Спічкі, Кошкі, Тапчыкалы і Шчыты Дзенцёлова.

Дзясятак двухмоўных указальнікаў у гміне Орля знішчаны вандаламі. Пастаўленыя ў мінулым годзе беларуска-польскія табліцы былі замаляваныя: на шыльдзе пад слоем зялёнай фарбы знік надпіс на беларускай мове.Жыхары гміны Орля, якія раней большасцю галасоў прагаласавалі за ўстаноўку двухмоўных шыльдаў, перакананыя, што такога быць не павінна.

-- У дэмакратычнай краіне не павінна быць такіх варожых настрояў, не павінны здарацца такія рэчы. але маем такі час, што кожны робіць тое, што яму падабаецца.

-- Калі паставілі, то павінны быць, калі тут большасць беларусаў жыве.

-- Калі яшчэ былі драўляныя знакі, то ўсё вывальвалі, толькі паставяць і праз некалькі дзен зноў тое самае. а цяпер жалезных не дадуць рады паваліць, то замалявалі.

-- Гэта хамства. Такога не павінна быць.

Да 11 гадзіны сённяшняга дня ўсе шыльды ўжо вярнуліся ў першапачатковы стан. Паліцыя ў Бельску Падляшскім вядзе расследаванне па акце вандалізму.

Наталля Герасімюк, Радыё Рацыя.

* * *

Войт гміны Пётр Сэльвесюк не выключае, што час правядзення акту вандалізму невыпадкова супаў з перыядам доўгіх выходных.

– Шмат асобаў падарожнічае, праязджае праз гміну ў кірунку Гайнаўкі і Белавежы, у кірункі Кляшчэляў, Палоўцаў і далей да мяжы. І замаляванне шыльдаў у гэты час, калі праязджае шмат асоб, пэўна мела нейкі сэнс, каб як найбольш асобаў гэтыя замаляваныя шыльды пабачылі.

* * *

Гэта без сумневу акт вандалізму – так пракаментаваў знішчэнне двухмоўных польска-беларускіх указальнікаў у гміне Орля на Падляшшы прэсавы сакратар Ваяводскай камендатуры паліцыі Анджэй Бараноўскі. Паведамленне аб здзяйсненні злачынства паступіла ад турыста, які першым заўважыў, што беларускія надпісы на двухмоўных шыльдах замаляваныя, кажа прэсавы сакратар Падляшскай паліцыі.

– Паліцыянты агледзелі месца, праводзяцца допыты сведак. Паліцыянты пасля аналізу сабранага матэрыялу будуць заводзіць справу за публічную знявагу групы насельніцтва. Цяпер дакладна выясняем акалічнасці гэтага здарэння. Адбываюцца інтэнсіўныя дзеянні, мэта якіх – выслятленне і затрыманне злачынцаў. Дакладна пра матывы зможам сказаць, калі злачынцы будуць затрыманыя.

На думку старшыні Саюза беларусаў у Польшчы Яўгена Вапы, лепшым прыкладам салідарнасці можа быць усталяванне польска-беларускіх указальнікаў у іншых гмінах на Беласточчыне.

– Самым лепшым доказам, каб прадэманстраваць нашую адказнасць, было  каб сябры спадара войта Орлі з суседных гмінаў увялі такія самыя двухмоўныя надпісы ў сваіх гмінах. І думаю, што гміна Чыжы ці гміна Дубічы Царкоўныя не павінны адкладаць гэтую справу, а наадварот павінны як мага хутчэй увесці такія двухмоўныя ўказальнікі.

Польска-беларускія ўказальнікі былі ўсталяваныя ў гміне Орля летась увосень. Орля пакуль адзіная гміна, у якой прынятае рашэнне аб усталяванні двухмоўных указальнікаў.

Зміцер Косцін, Радыё Рацыя.

* * *

Абурэнне і непакой у сувязі са знішчэннем польска-беларускіх указальнікаў у гміне Орля выказалі ў супольным камюніке падляшскі ваявода Мацей Жыўна, стараста Бельскага павета Славомір Снарскі і войт гміны Орля Пётр Сэльвесюк. «Гэты акт вандалізму заслугоўвае суровага асуджэння,» – кажа Славомір Андрышэўскі з прэсавага бюро падляшскага ваяводы.

– Усе прадстаўнікі Падляшскай ваяводскай управы спадзяемся, што справа выясніцца і злачынцы будуць пакараныя. Для падляшскага ваяводы гэта прыярытэтная справа. Таму што нашае ваяводства ад пачатку свойго існавання – ваяводства шматкультурнае. І кожны з нас думае пра тое, каб мець добрыя адносіны з суседзямі, нягледзячы на тое, якой ён нацыянальнасці і якога веравызнання.

Па словах Славаміра Андрышэўскага, у сувязі з тым, што інцыдэнты на нацыянальнай ці рэлігійнай аснове даволі часта здараюцца ў Падляшскім ваяводстве. Ваяводская ўправа ўжо з верасня рыхтуе цыкл адукацыйных праграмаў для моладзі аб шматкультурнасці Падляшша.

Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя.

* * *

Большасць шыльдаў размешчаная на рэспубліканскай дарозе нумар 66 з Бельска Падляшскага ў Кляшчэлі. Замаляваныя дошкі ўбачыў праязджаючы гэтай дарогай турыст і паведаміў пра гэта. Інфармацыю пацвердзіў войт гміны Пётр Сэльвесюк.

– Пра здарэнне паінфармавалі паліцыю, разам з супрацоўнікамі паліцыі ездзілі і рабілі здымкі, аглядалі. Пакуль невядома хто гэта зрабіў. Я спадзяюся, што паліцыя знойдзе злачынцаў і яны атрымаюць пакаранне за здзейсненае.

«Я сам гатовы стаяць пад указальнікамі і бараніць нашае права на беларускія надпісы,» – кажа віцэ-прэзідэнт Беластока Аляксандр Сосна, каментуючы звесткі пра замаляваныя беларускамоўныя шыльды ў гміне Орля.

– Я сам гатовы стаяць пад указальнікамі і бараніць нашага права на беларускія надпісы. Колькі разоў замалююць, столькі разоў трэба ставіць, каб ведалі, што ёсць шматкультурнасць, дэмакратыя, маем права і гэтым правам карыстаемся.

«Высвятленнем знішчэння двухмоўных указальнікаў у гміне Орля ўжо займаецца паліцыя, такія інцыдэнты павінны вельмі рэзка асуджацца, а вінаватыя павінны быць пакараны за хуліганства і за абразу рэлігійных ці нацыянальных пачуццяў,» – так пракаментаваў інцыдэнт з замаляваннем беларускіх надпісаў на ўказальніках ў гміне Орля прэсавы сакратар Міністэрства лічбавых тэхналогій Артур Казёлэк.

– Канечне, такое не павінна адбывацца. Надпісы на дзвюх, трох мовах, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, маюць сваё месца і знаходзяцца там згодна з правам. Такія інцыдэнты павінны рэзка асуджацца, а вінаватыя павінны быць пакараны за хуліганства і за абразу рэлігійных ці нацыянальных пачуццяў.

Гэта не першы выпадак з ксенафобскай афарбоўкай у гміне Орля. Летам мінулага года невядомымі былі намаляваныя нацысцкія сімвалы і лозунгі на мясцовай сінагозе, а таксама былі замаляваныя літоўскія надпісы на двухмоўных указальніках у гміне Пуньск. Злачынцы да гэтага часу не знойдзеныя паліцыяй.

Радыё Рацыя.