Дзень адкрытых дзвярэй у беларускім ліцэі

Ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы адчыніў свае дзверы перад наведвальнікамі.

Ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы адчыніў свае дзверы перад наведвальнікамі.

Штогадовая рэкламная акцыя школы – гэта не толькі спосаб паказаць сябе, але таксама магчымасць заахвоціць да паступлення ў беларускі ліцэй вучняў з розных гімназіяў горада і павета. Як зазначае віцэ-дырэктар школы Ніна Лукасік, падчас дня адкрытых дзвярэй ахвотныя не толькі наведаюць будынак школы, а таксама паўдзельнічаюць у навучальным працэсе.

– Хочам паказаць, якія дадатковыя заняткі будуць у нас у наступным навучальным годзе, сказаць, якія мы адкрываем класы, паказаць нашу артыстычную дзейнасць, а таксама зрабіць адукацыйны шпацыр па школе. Хочам нашым будучым вучням паказаць класы, а таксама паказаць, як праходзяць урокі. Хочам іх запрасіць на ўрокі і паказаць, як вучаць нашыя настаўнікі.

Падчас наведвання ліцэя ахвотныя паступіць у гэтую навучальную ўстанову могуць на месцы атрымаць неабходныя фармуляры на паступленне. Прыём дакументаў прадоўжыцца да 1 чэрвеня. Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы – гэта таксама гімназія. Прыняцце дакументаў на паступленне ў гімназію таксама працягваецца.

Наталля Герасімюк, Радыё Рацыя, Гайнаўка. Фота аўтара.