«Крамбамбуля» ў Вільні прэзентавала «Драбадзі-драбаду»

Днямі адбыўся першы (з трох запланаваных) канцэрт беларускага гурта «Крамбамбуля».

У Мінску гэты канцэрт-прэзентацыя не быў дазволены, таму музыкі правялі яго ў Вільні, паведамляе партал DELFI. У залі – аншлаг, усе квіткі – раскупленыя, паслухаць Лявона Вольскага і яго групу прыйшлі й прыехалі не толькі людзі з Беларусі, але й жыхары Літвы. Быў заўважаны амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, а адну песню разам з беларускімі музыкамі праспяваў знакаміты літовец Андрус Мамантавас.

Праз тое, што людзі былі вымушаныя стаяць на мяжы, канцэрт у клубе Loftas пачаўся са спазненнем. Грамадзянам Беларусі, якія набылі квіток на гэты канцэрт, пасольства Літвы ў Менску зрабіла бясплатныя візы тэрмінам на пяць дзён. Паводле звестак DELFI лік такіх візаў перавысіў дзве тысячы. «Прыемна, што нашы людзі нарэшце выяжджаюць сюды, адразу відаць, што гэта дух свабоды. Відаць, што яны па-іншаму дыхаюць, па-іншаму ўсміхаюцца», – сказаў DELFI лідэр гурта Лявон Вольскі перад выступам. «Візы і межы трэба як мага хутчэй прыбіраць, – дадаў ён. – Гэта абсурд, людзі выехалі ў 5-6 раніцы, каб трапіць ўвечары на канцэрт і да гэтага часу стаяць на мяжы (размова адбывалася каля дзявятай вечара)».

svaboda.org