У Варшаве вучыліся танцаваць па-беларуску

У польскай сталіцы прайшоў майстар-клас па беларускіх народных танцах.

З Мінску на мерапрыемства спецыяльна прыехалі дудар Аляксей і трэнеры Зміцер і Юля. Яны не толькі паказалі як трэба танцаваць, але і распавялі аб традыцыях беларускіх скокаў.

Юля: "Зараз вясновая пара, калі моладзь выходзіла з хатаў на двор. Дзяўчаты вадзілі вясновыя карагоды. Адпаведна хлопцы запрашалі дзяўчат. Дзяўчаты не адмаўлялі хлопцам. У народнай культуры дзяўчына павінна была згадзіцца".

Усяго на мерапрыемства, арганізаванае  "Беларускай Нацыянальнай Памяццю", сабралася каля 20 чалавек. Большасць з іх, як Ірына Губская, пасля не хавалі свайго захаплення.

Губская: "Вельмі уражаная гэтай імпрэзай, танцамі. Мы навучыліся новым танцам. Хоць у Беларусі ў мяне ўжо быў досвед удзелу ў такіх мерапрыемствах. Але вельмі радая, што гэта нарэшце прыйшло да Варшавы. Маю надзею, што гэта будуць сталыя спатканні. А можа больш за тое — атрымаецца пашырыць гэты клуб і навучыцца танцам іншых народаў. Файна, што беларуская культура пашыраецца на іншыя краіны. Спадзяюся, што ў наступны раз будзе больш людзей і будзем танчыць яшчэ больш".

Па словах кіраўніка "Беларускай Нацыянальнай Памяці" Анатоля Міхнаўца, такая імпрэза ў Варшаве не апошняя.  Наступнае падобнае мерапрыемства пройдзе ўжо ў траўні. Пры гэтым тэматыка такіх сустрэчаў будзе пашырацца.

Міхнавец: "Гэта першае мерапрыемства, але будзе працяг. У сярэдзіне траўня плануюцца зноў беларускія танцы. Плануюцца таксама майстар-класы па беларускай традыцыйнай вопратцы, па беларускім гульням. На жаль, моладзь амаль што нічога не ведае аб гэтых тэмах. А наша культура вельмі багатая".

За тры гадзіны майстар-класу яго ўдзельнікі змаглі вывучыць наступныя танцы: "Падыспан", "Лявоніха", "Кракавяк", "Матлёт", "Базар", "Людзвінка", полька "Матылёк", "Каханачка" і "Ойра". А таксама навучыцца  гуляць у беларускія гульні "Цяцерка" і "Падушачка".

euroradio.fm