“Занатоўкі кантрабандыста” набываюць папулярнасць на Падляшшы

“Занатоўкі кантрабандыста” сабралі ў Падляшскай бібліятэцы шмат ахвотных сустрэцца з іх аўтарам – беларускім пісьменнікам Віктарам Сазонавым. Пераклад кнігі на польскую мову, які ажыццявіў Марцін Рэмбач, адкрыў “занатоўкам” шлях да польскамоўнага чытача.

“Занатоўкі кантрабандыста” сабралі ў Падляшскай бібліятэцы шмат ахвотных сустрэцца з іх аўтарам – беларускім пісьменнікам Віктарам Сазонавым. Пераклад кнігі на польскую мову, які ажыццявіў Марцін Рэмбач, адкрыў “занатоўкам” шлях да польскамоўнага чытача.

Падчас сустрэчы гучалі не толькі пытанні і адказы, але тэксты з кнігі і аповеды самаго гродзенскага аўтара. Як кажа адна з удзельніц сустрэчы, пасля знаёмства з творчасцю Віктара Сазонава, яна раіць усім чытаць “Занатоўкі кантрабандыста”:

- Некалькі месяцаў назад атрымала ад свайго знаёмага кніжку гэтага аўтара, якую прачытала і раю ўсім. Сапраўды, гэта супер. Гэта дзве гадзіны смеху. Для нас, хто жыве пры ўсходняй мяжы, гэта тэма блізкая, узятая з жыцця. Увогуле, манера пісьма простая, усё зразумела.

Размовы падчас сустрэчы з Віктарам Сазонавым перыядычна перарываліся выбухамі смеху і апладысментамі. Як кажа аўтар, ён і сам любіць і ўмее смяяцца:

- Мне вельмі падабаецца: нейкі чалавек прыдумаў гэтыя словы ў фільме пра барона Мюнхаузена "Усё той жа Мюнхаузен". Ён казаў: "Людзі, часцей смейцеся. Разумны выраз твару - гэта яшчэ не прыкмета розуму. І што самае галоўнае - усе подласці ў свеце рабіліся з разумным выразам твару. Таму часцей смейцеся."

Віктар Сазонаў з’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і аўтарам некалькіх кніг: “Нататкі кантрабандыста”, “Суседскія былі” і “Сандалі мітрапалітыка, або маленькія гісторыі з вялікай палітыкі”. Вядомы грамадскі і палітычны дзяяч, праваабаронца і журналіст. Супрацоўнічае з тыднёвікам беларусаў Польшчы “Ніва” і Радыё Рацыя.

Яна Запольская, Радыё Рацыя