«Не гуляйце з дыктатарам»

Кампанія пад назваю «Don’t Play with the Dictator» («Не гуляйце з дыктатарам») супраць правядзення хакейнага чэмпіянату свету 2014 года ў Мінску стартуе сёння ў Швецыі, Нямеччыне, Нарвегіі, Швейцарыі, Чэхіі і Славаччыне.

Сярод яе ініцыятараў — шведская праваабарончая група Östgruppen. Кіраўнік арганізацыі Марцін Угла, які напярэдадні вітаў вызваленне палітвязняў Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі, адзначае, як важна працягваць ціск на рэжым. Паводле ягоных словаў, міжнародная супольнасць павінна патрабаваць ад беларускіх уладаў вызвалення ўсіх палітзняволеных, каб не стаць падчас перамоваў пешкай у гульні Лукашэнкі. У гэтым сэнсе вялікую важнасць мае кампанія «Don’t Play with the Dictator». Яе мэта — прымусіць МФХ, а таксама нацыянальныя хакейныя звязы перагледзець рашэнне адносна месца правядзення ЧС у 2014 годзе. Праводзіць першынства свету ў Беларусі можна толькі ў тым выпадку, калі Мінск вызваліць усіх палітзняволеных, увядзе мараторый на смяротнае пакаранне і спыніць пераслед іншадумцаў. «Захаванне прынятага МФХ у 2009 годзе рашэння адносна чэмпіянату ў Мінску будзе спрыяць легітымацыі рэжыму, які груба парушае правы і свабоды чалавека ў Беларусі», адзначаецца ў інтэрнэт-петыцыі, змешчанай на сайце кампаніі: www.minsk2014.no

Радыё Свабода