Дар жыцця. Велікодны зварот а. Аляксандра Надсана

«Дарагі, схіляюся перад тваёй мужнасцю і ахвярнасцю [галадоўка], але ты выбраў не той шлях». Велікодны зварот а. Аляксандра Надсана.
Хрыстос васкрос!… усюды радасьць,
Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей;
Вялікі Мучанік, здаецца,
Абняў усіх ласкаю сваей.

Гэтыя словы Янкі Купалы выдатна аддаюць радасьць вялікага сьвята, сутнасьць якога, паводле вялікодных царкоўных сьпеваў, у тым, што, падобна Майсею, які вывеў абраны народ праз Чырвонае Мора з ягіпецкай няволі да свабоды, Госпад Ісус Хрыстос перавёў усіх нас «ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба». Такім чынам Вялікдзень — гэта аднаўленьне ўсяго стварэньня у Богу праз Ісуса Хрыста. Не дарма сьвятыя айцы называлі яго актам новага тварэньня.

Радасьць вялікага сьвята не павінна, аднак, даць нам забыць, што Велікодную Нядзелю апярэджвала Вялікая Пятніца, калі Госпад Ісус Хрыстос павіс на крыжы, фальшыва абвінавачаны тымі, што ўважалі сябе духоўнымі правадырамі народу, і адданы на сьмерць судзьдзёю, каб дагадзіць абвінаваўцам, хоць сам не знайшоў ў Ім ніякай віны. Ні судзьдзя, ні абвінаваўцы не падазравалі, што засудзілі на сьмерць Таго, каго магіла не магла ўтрымаць і хто сказаў пра сябе: «Я — дарога, і праўда, і жыцьцё».

Крыжовая сьмерць Хрыста дае нам шмат да развагі над сьмяротным пакараньнем. Жыцьцё — гэта найвялікшы дар Божы, і толькі Бог можа забраць яго у свой час.

Гэта не азначае, што той, хто зрабіў злачынства, не павінен быць пакараным. Але пакараньне павінна быць спалучана з міласэрнасьцю, каб даць магчымасьць асуджанаму ўсьведаміць сваё злачынства і пакаяцца. Важна таксама мець на ўвазе тое, што пакараньне сьмерцю у выпадку памылкі нельга направіць. Хрыстос сказаў «Не хачу сьмерці грэшніка, але каб ён пакаяўся і меў жыцьцё вечнае», а сваёй сьмерцю на крыжы Ён асудзіў сьмяротнае пакараньне.

Жыцьцё — гэта дар Божы, і таму чалавек не можа адабраць яго ня толькі іншаму, але і самому сабе, у тым ліку праз галадоўку.

Звычайна на гэтае апошняе наважваюцца людзі моцнага характару, якім былі перакрытыя ўсе іншыя шляхі для асягненьня справядлівасьці. Хацелася б сказаць такім людзям: «Дарагі, схіляюся перад тваёй мужнасьцю і ахвярнасьцю, але ты выбраў ня той шлях. Табе трэба жыць на радасьць тваім блізкім і на карысьць той вялікай ідэі, якой ты адданы. І Бог табе дапаможа."

Сёньня, у гэты сьветлы і радасны дзень будзем прасіць Уваскрослага Хрыста, каб Ён даў палёгку і сілу духа тым, хто церпіць несправядліва, і суцяшэньне сем’ям тых, якія пацярпелі страту сваіх дарагіх, а ўсім — надзею лепшай долі для нас і нашай бацькаўшчыны у гэтым жыцьці і вечнай радасьці разам з Ім у будучым.

а. Аляксандар Надсан, апостальскі візітатар для беларусаў замежжа, Вялікдзень 2012

Наша Ніва