Беларускія экспанаты ў Вільні па-за палітыкай

Навукоўцы і грамадскія дзеячы абмеркавалі магчымасці аднаўлення Віленскага Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, а ў віленскай Ратушы адбылося адкрыццё экспазіцыі з фондаў грамадскай арганізацыі з той жа назвай.

Фота http://labadzenka.by/Навукоўцы і грамадскія дзеячы абмеркавалі магчымасці аднаўлення Віленскага Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, а ў віленскай Ратушы 5 красавіка адбылося адкрыццё экспазіцыі з фондаў грамадскай арганізацыі з такой самай назвай, якая збірае і захоўвае экспанаты і працягвае традыцыю музейнага збіральніцтва ў віленскім беларускім асяроддзі. Адна з заснавальнікаў сучаснага Музея Людвіка Кардзіс, якая апякуецца экспанатамі, распавядае: «Mэта выставы – прынамсі, адна з самых найпершых, — гэта падзяка тым людзям, якія ахвяравалі зборы сваіх блізкіх, падаравалі нашаму Музею. Гэта былі дарагія для іх, памятныя рэчы, яны разумелі іх каштоўнасць, але яны паверылі нам і перадалі гэтыя скарбы нашай грамадскай арганізацыі. Таму сёння са словамі шчырай падзякі я хачу ўзгадаць сп. Алёну Анішчык, удаву Аляксея Анішчыка, а таксама нявестку Адольфа Клімовіча Марыю Клімовіч, нявестку Янкі Багдановіча пані Рыту Багданавічэне, якая перадала нам яго калекцыю. Калі яе сын сказаў: «Мама, гэта ж нашага дзеда памяць, давай пакінем дома», яна сказала: «Не, сыне, гэта для іх больш патрэбна, чым каб проста было ў нас, яны ведаюць гэтую мову, гэта патрэбна для беларускага народа». Мы ўдзячныя спадарыні Ганне, дачцэ Тулейкаў, якая перадала ўсю бібліятэку сваіх бацькоў нам. Што да таго, якім мае быць Музей і што зроблена намі на сённяшні дзень. Беларускіх музеяў у Вільні павінна быць шмат, не адзін. Намі зроблена таксама нямала. Варта і памятаць, што рэчы, якія маюць музейную вартасць для беларусаў, мастацкія творы, выкупаюцца з Вільні, вывозяцца таксама, людзі набываюць іх і для прыватных калекцыяў».

«Ад мінулага да сучаснага: Віленскі Беларускі музей імя Івана Луцкевіча» – такі круглы стол адбыўся ўчора ў Літоўскім эдукалагічным універсітэце, дзе на факультэце філалёгіі дзейнічае Цэнтар беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры. Выкладчык беларускай літаратуры Алесь Адамковіч, аўтар гістарычнага і крыніцазнаўчага выдання «Беларусы ў Літве: учора і сёння», адзначыў пасля заканчэння круглага стала: «Чаго было сапраўды шмат, так гэта думак, меркаванняў, прапановаў. Уражвае аб’ём збораў калекцыі Луцкевіча, колькі ўсяго было сабрана і колькі ўсяго раскідана цяпер па розных краінах, у розных сховішчах. Але ў гэтай сітуацыі ёсць і плюс: дзякуючы гэтаму значна большая частка даследнікаў можа пазнаёміцца з гэтымі фондамі, і заняцца вывучэннем беларускай гісторыі, беларускай прысутнасці не толькі ўласна ў Вільні, але і ў свеце, фактычна, і ў самыя розныя перыяды. Я задаволены тым аб’ёмам, у якім існуе архіў Луцкевіча і той колькасцю даследнікаў, людзей, якія цікавяцца спадчынай архіваў і музея братоў Луцкевічаў. Галоўная думка, якая гучала сёння, – сёння рэстытуцыя немагчымая, але магчыма аднаўленне ў віртуальнай прасторы таго музея такім, якім ён быў». Ва ўніверсітэце адкрылася таксама фотавыстава Леаніда Касабуцкага «Бітва пры Дуброўне», а ў Ратушы ў часе імпрэзаў у памяць братоў Луцкевічаў прайшла прэзентацыя кнігі, прысвечанай Лявону Мурашку (1924–2009), культурнаму і грамадскаму дзеячу Літвы і беларускаму патрыёту. Вядомы оперны спявак Лявон Адамавіч Мурашка цягам апошніх гадоў жыцця быў прэзідэнтам Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацыяў Літвы. Яго жонка, Вікторыя Мурашкене напісала кнігу ўспамінаў аб ім, названую «Я не магу не любіць цябе». Адзін з арганізатараў імпрэзаў, амбасада Рэспублікі Беларусь у Літве, паведамляе, што гэтыя культурныя падзеі – частка мерапрыемстваў, прысвечаных 20-м угодкам усталявання дыпламатычных дачыненняў паміж дзвюма суседнімі краінамі пасля аднаўленьня незалежнасці. На цяперашні момант гэтыя дачыненні перажываюць чарговы крызіс. Дыпламаты краін Еўразвязу, у іх ліку і амбасадар Літвы, пакінулі Мінск напрыканцы лютага на знак салідарнасці з амбасадарам Польшчы і кіраўніком прадстаўніцтва Еўразвязу, якіх беларускі МЗС папрасіў пакінуць краіну.

Таццяна Поклад, Радыё Свабода