
Выстава з нагоды 120 годдзя класіка беларускай паэзіі адкрылася 2 красавіка ў Варшаве.
Імпрэзу ладзіла Амбасада Беларусі ў Польшчы ды Культурны цэнтар Беларусі ў Польшчы да 120 годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У Варшаву прыехала дэлегацыя з Беларусі, на сустрэчы прыйшлі прадстаўнікі польскіх культурніцкіх арганізацыяў, навуковых асяроддзяў ды прадстаўнікі дыяспары.
З творчасцю ды біяграфіяй Максіма Багдановіча знаёміла дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч.
Таццяна Шэляговіч: Максіма Багдановіча часам называлі “пясняр чыстае красы”. Менавіта прыгажосць заўсёды была на першым месцы ў Максіма Багдановіча. Духоўнасць ды ўнутраная прыгажосць, якой Бог надарыў гэтага чалавека, выпраменьваецца.
Пасля 120-годдзя Максіма Багдановіча музей плануе адзначаць 150-годдзе бацькі Максіма Адама Багдановіча, які захаваў творчасць свайго сына для беларусаў.
Таццяна Шэляговіч: 150 гадовы юбілей Адама Ягорыча, вядомага этнографа, фалькларыста, мавазнаўцы. Ён для нас, беларусаў, захаваў імя Максіма Багдановіча. У свой час, ратуючыся ад пажару ў горадзе Яраслаўлі, дзе жыла сям’я Багдановіча ў 1918 годзе, Адам Ягоравіч у першую чаргу ратуе рукапісы свайго сына.
На прэзентацыі госці з Беларусі паказалі новыя выданні вершаў Максіма Багдановіча на розных мовах.
Распавядае старшыня рады Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп.
Уладзімір Гілеп: Беларускі фонд культуры выдае мала кніжак, але мы выдаем заўсёды выданні, якія застануцца кнігамі-помнікамі. Зараз усе перайшлі на кампутарную тэхналогію, а кнігі знікаюць. Таму могуць быць кнігі - помнікі. Кожная з гэтых кніг, усяго іх тры, прысвечаная аднаму вершу. Вершы самыя вядомыя: “Зорка Венера”, “Пагоня” і “Слуцкія ткачыхі”.
Выступоўцам дзякаваў кіраўнік Культурнага цэнтру Беларусі ў Польшчы Аляксандар Карачун.
Аляксандар Карачун: Неабавязкова распавядаць пра асаблівасці жыццярыса паэта. Галоўнае - перадаць сваё пачуццё паэта. Гэта каштоўна. Я шчыра дзякую вам, што такімі словамі вы ўшанавалі сёння памяць Максіма Багдановіча.
Знакавай назваў сустрэчу Анатоль Бутэвіч, вядомы беларускі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік, публіцыст.
Анатоль Бутэвіч: Сённяшняя імпрэза з’яўляецца знакавай не толькі таму, што мы разам ушаноўваем яшчэ раз Максіма Багдановіча, а таму, што пацвярджаецца ісціна, што любая народная дыпламатыя мацней за ўсякую афіцыйную. Калі будзе з нашага і вашага боку больш тых, хто адданы ідэі культуры, ідэі яднання, калі будзе больш такіх імпрэзаў, мы зразумеем наколькі мы блізкія адны аднаму і наколькі любыя адмовы ў сувязях шкодзяць абодвум бакам.
Напрыканцы праэзентацыі прысутныя змаглі азнаёміцца з выставай з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч, Польскае радыё для замежжа