Іржы Марван: Для беларускай мовы ў Празе - вялікая прастора

Вядомы чэшскі мовазнаўца, прафесар Карлавага ўніверсітэту ў Празе Іржы Марван ды ягоны вучань Міхал Вашычак распавялі “Радыё Свабода” пра чэшска-беларускі мовазнаўча-гістарычны зборнік ― адмысловае выданне, якое яны пачалі рыхтаваць да ХV Міжнароднага з’езду славістаў, які адбудзецца 20-27 жніўня 2013 года ў Мінску.

Вядомы чэшскі мовазнаўца, прафесар Карлавага ўніверсітэту ў Празе Іржы Марван ды ягоны вучань Міхал Вашычак распавялі “Радыё Свабода” пра чэшска-беларускі мовазнаўча-гістарычны зборнік ― адмысловае выданне, якое яны пачалі рыхтаваць да ХV Міжнароднага з’езду славістаў, які адбудзецца 20-27 жніўня 2013 года ў Мінску.

Прафесар Іржы Марван

РС: Да  з’езду вы рыхтуеце зборнік матэрыялаў пад працоўнай назвай “Чэшскае ўсведамленне Беларусі”. Гэта першая такога тыпу публікацыя ў гісторыі чэшска-беларускіх дачыненняў, ці некалі ўжо было нешта падобнае? Марван: Наколькі мне вядома, у чэшска-беларускай сферы зацікаўленняў гэта першая ініцыятыва такога роду. Хоць яна і першая, тым не менш, як думаю, вельмі прэстыжная. Мы хочам паказаць у гэтым зборніку, як часта і як інтэнсіўна адбываліся кантакты паміж чэшскай і беларускай культурамі. Безумоўна, пачнём ад самога Францыска Скарыны. РС: Ці ўжо ведаеце, колькі аўтараў возьме ўдзел у складанні вашага зборніка? Марван: Мяркуем, што аўтараў будзе 10-15. Мой калега ўдакладніць наконт аўтараў з Беларусі. З Чэхіі, як думаю, будзе чалавек 8-10. РС: Спадар Вашычак, а хто з Беларусі далучыцца да гэтага зборніка?

Міхал Вашычак

Вашычак: Гэтага мы дакладна яшчэ не ведаем, мы разаслалі інфармацыю на розныя факультэты і ў акадэмічныя ўстановы. Пакуль мы атрымалі тры або чатыры адказы. Але спадзяемся, што гэта яшчэ не канчатковая лічба, што яна павялічыцца. РС: Якога тыпу матэрыялы будуць у вашым зборніку? Мовазнаўчыя, літаратуразнаўчыя, гістарычныя? Марван: Мы не абмяжоўваем тэматыкі матэрыялаў. Мы хочам ахапіць як мага шырэйшую сферу культурных дачыненняў, а таму вітаем не толькі мовазнаўчыя ці літаратуразнаўчыя матэрыялы, але і іншыя. Націск робіцца на тое, каб паказаць, як блізкімі былі разнастайныя сувязі паміж нашымі краінамі ў гісторыі. РС: У інфармацыі пра зборнік вы пішаце, што адна з яго частак можа быць прысвечаная тэме беларускіх “варыянтных падмоў, сублінгваў”, то бок, напрыклад трасянцы ці палескай і падляскай мікрамовам. Прытым, вы хочаце змясціць не толькі матэрыялы пра беларускія мікрамовы, але і матэрыялы, напісаныя на гэтых мікрамовах. Пракаментуйце, калі ласка, гэтую ідэю. Марван: Пражская традыцыя вывучэння славянскіх мікрамоваў ― даволі багатая. Я сказаў бы, што якраз мы трымаем пад увагай найбольшую колькасць мікрамоваў, якія з’явіліся на нашых даляглядах. Зразумела, што мы высока цэнім уклад першапраходнікаў, такіх як прафесар Аляксандар Дулічэнка, родам з Украіны, які працуе ў Тартускім універсітэце. Асаблівасцю чэшскай славістыкі з’яўляецца зацікаўленне сувязямі паміж мікрамовамі і стандартнымі літаратурнымі мовамі. Нас таксама цікавяць прычыны ― у прыватнасці, этычныя прычыны ― дзеля якіх людзі развіваюць мікрамовы. Гэта адбываецца ў рамках сучаснай навуковай дысцыпліны, якая называецца экалінгвістыкай ― то бок, дысцыпліны, у якой на мову глядзяць як на навакольнае асяроддзе носьбіта. РС: Ці ёсць рэальныя шанцы, што некаторыя ўдзельнікі вашага зборніка дадуць вам матэрыялы, напісаныя на мікрамове, а не на стандартнай літаратурнай мове?

Вашычак: Спадзяемся, што будуць артыкулы на палескай мове і, магчыма, на падляскай, якую развівае Ян Максімюк. РС: З Беларусі вам нехта паабяцаў, што напіша па-палеску? Вашычак: Напэўна, гэтага можна чакаць ад прафесара Хведара Клімчука. Але пакуль гэта яшчэ не вырашана. Магчыма, ён напіша па-беларуску. РС: Да якога тэрміну можна вам прысылаць матэрыялы? І калі мяркуеце выпусціць зборнік друкам? Марван: Мы былі б рады, калі б патэнцыяльныя ўдзельнікі гэтага праекту адазваліся да нас да канца красавіка. А дасылаць нам матэрыялы можна будзе яшчэ цягам двух месяцаў, то бок, да канца чэрвеня. У верасні мы хацелі б здаць зборнік у друк. РС: Як вы наогул ацэньваеце зацікаўленне беларускай праблематыкай сярод чэшскіх навукоўцаў? Марван: Я думаю, што перавага Пражскага ўніверсітэту якраз у тым, што тут людзі цікавяцца ўсімі славянскімі мовамі. А паколькі ўніверсітэт хоча падтрымліваць гэтую амбіцыю адносна зацікаўлення ўсімі славянскімі мовамі, дык і для вывучэння беларускай мовы тут ёсьць даволі вялікая прастора. Да таго ж Пражскі ўніверсітэт мае самыя багатыя традыцыі ва ўкраіністыцы, а гэты факт вельмі дапамагае і беларусістыцы, паколькі лагічна, што зацікаўленне ўкраінскай мовай выклікае натуральнае зацікаўленне і беларускай. Мне падаецца, што ні ў якай іншай краіне такога патэнцыялу няма. РС: Апошняе пытанне да спадара Вашычка. Вось вы нам адказваеце на выдатнай беларускай мове. Мы ведаем, што вы нейкі час жылі ў Мінску. Ці вы маглі б сказаць нам некалькі слоў пра свае зацікаўленні беларушчынай? Вашычак: Я якраз пачаў хадзіць на першыя курсы беларускай мовы, якія праводзіліся ў нашым універсітэце. Мову ў нас выкладаў спадар Юры Бушлякоў. Я вельмі захапіўся беларускай мовай і потым вырашыў паехаць па абмену ў Мінск. У нас ёсьць такія магчымасці выехаць вучыцца за мяжу. І ў Мінску адзін семестар я вывучаў беларускую мову.

Радыё Свабода