Дзень Волі ў Нью-Ёрку і Нью-Брансвіку

Амерыканскія беларусы адзначылі Дзень Волі 25 Сакавіка святочнымі імпрэзамі ў Нью-Ёрку і Нью-Брансвіку. Беларуская грамада ў Нью-Ёрку адзначала 94-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці БНР у грамадскім цэнтры пры Катэдральным саборы БАПЦ св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне.
Амерыканскія беларусы адзначылі Дзень Волі 25 Сакавіка святочнымі імпрэзамі ў Нью-Ёрку і Нью-Брансвіку.

Нью-Ёрк

Беларуская грамада ў Нью-Ёрку адзначала 94-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў грамадскім цэнтры пры Катэдральным саборы БАПЦ св. Кірылы Тураўскага на Атлантык Авеню ў Брукліне.

Раніцаю ў царкве адбылася багаслужба і малебен за Беларусь. Прысутныя маліліся і за палітычных вязняў, якія пакутуюць у турмах, за жыццё Сяргея Каваленкі, які змагаецца з рэжымам і гатовы аддаць сваё жыццё ў гэтым змаганні.
​​ Далей урачыстасці працягнуліся ў грамадскай залі, якая была ўпрыгожана ў бел-чырвона-белыя колеры. Свята арганізавалі Галоўная управа Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА), ягоны Бруклінскі аддзел і Парафіяльная рада сабору. Урачыстая частка імпрэзы была прысвечаная гісторыі і сучаснай дзейнасці Рады БНР. З дакладам пра падзеі сакавіка 1918 года ў Беларусі, якія прывялі да абвяшчэння незалежнасці, выступіў Сяргей Пятровіч, сябра Галоўнай управы БАЗА і скарбнік дзейнай Рады БНР. Быў зачытаны Зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Пра дзейнасць Рады БНР у эміграцыі распавёў сп. Вячка Станкевіч — намеснік старшыні Рады БНР. З прывітальнымі словамі і віншаваннямі выступілі старшыня Галоўнай управы БАЗА сп. Ганна Сурмач і старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ сп. Зянон Пазьняк.
​​ Было заслухана выступленне сп. Валянціны Трыгубовіч, якая закранула пытанне пра сённяшнюю ролю Рады БНР. Яна згадала пра тое, як Рада не прызнавалася ворагамі беларушчыны раней і пра тое, як гэта спрабуюць рабіць і сёння. Выступленне Ганса Георга Віка з прапановаю стварыць нейкі новы ўрад у замежжы, на думку дакладчыцы, з'яўляецца спробаю не прызнаваць існуючага да сёння легітымнага ўраду, якім ёсць дзейная Рада БНР. Затым прайшла канцэртная частка імпрэзы. Яе ўпрыгожылі беларускія мелодыі ў прафесійным выкананні піяністкі Яўгеніі Лев і спявачкі Ірыны Мозылевай. Вершы беларускіх паэтаў чыталі малодшыя госці — Паўлінка Падлеская і Лявон Дудараў.
​​ Завяршылася Свята агульным спевам нацыянальнага гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і воклічамі «Жыве Беларусь!»

Нью-Брансвік

Адзначэнне Дня Волі 25 сакавіка таксама адбылося і ў Нью-Брансвіку ў форме ўрачыстага прыёму. У гатэлі Hyatt Regency адбыўся святочны банкет, выступілі ансамбаль сям’і Казакоў, Сяржук Сокалаў-Воюш, а таксама Лявон Вольскі з Беларусі.
​​ Выступілі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША Юрка Азарка, Віталь Зайка, павітаў кангрэсмэн ад дэмакратычнай партыі Фрэн Пэлон, жонка якога нарадзілася ў Беларусі. Прагучалі беларускія нацыянальныя гімны «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Магутны Божа». Свае віншаванні удзельнікам імпрэзы даслалі Зянон Пазьняк і Івонка Сурвілла.
​​ На імпрэзу сабраліся агулам блізу ста чалавек. Нягледзячы на кошт ўваходу (50-60 даляраў), было шмат студэнтаў. Бальшыня прысутных — у нацыянальных вышываных кашулях.
​​ У фае адбывалася выстава Алеся Шатэрніка, які асабіста прэзентаваў свае працы. Можна было набыць беларускія паштоўкі, дыскі і кніжкі Лявона Вольскага.

Радыё Свабода