У Лейпцыгу Беларусь уварвалася ў літаратурную Еўропу

У нядзелю, 18 сакавіка, закончыўся міжнародны Лейпцыгскі кніжны кірмаш, дзе сёлета ў цэнтры ўвагі былі Польшча, Украіна і Беларусь. Эмацыйнай кульмінацыяй сталіся вечаровыя суботнія імпрэзы.

У нядзелю, 18 сакавіка, закончыўся міжнародны Лейпцыгскі кніжны кірмаш, дзе сёлета ў цэнтры ўвагі былі Польшча, Украіна і Беларусь. Эмацыйнай кульмінацыяй сталіся вечаровыя суботнія імпрэзы.

У асобнай секцыі адной з выставачных заляў на працягу чатырох дзён адбываліся дзясяткі імпрэзаў з удзелам літаратараў і выдаўцоў з трох названых краінаў. Апрача таго, розныя мерапрыемствы адбываліся і па-за кірмашовым комплексам - у Інстытуце Польскім, тэатры “Скала”, на іншых пляцоўках. Акцыі з удзелам беларускіх аўтараў стала збіралі поўныя залі і аўдыторыі. Беларусь на кірмашы прадстаўлялі Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Зміцер Вішнёў, Вольга Гапеева, Артур Клінаў, Марына Напрушкіна і Андрэй Хадановіч. Паэт і старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч лічыць, што ўвага да Беларусі і беларускай літаратуры сёлета значна ўзрасла ў параўнанні з папярэднімі кірмашамі. На кірмашы былі прадстаўленыя як выдадзеныя ў Нямеччыне кнігі беларускіх удзельнікаў, так і спецыяльныя выпускі нямецкамоўных літаратурных часопісаў з беларускімі публікацыямі, сярод аўтараў якіх - Алесь Разанаў, Сакрат Яновіч, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Вера Бурлак, Віктар Жыбуль, Марыя Мартысевіч, Віталь Рыжкоў, Віктар Марціновіч ды іншыя пісьменнікі. Андрэя Хадановіча парадаваў гарачы прыём аўдыторыі: “Цягам кірмашу я ўдзельнічаў у трох чытаннях і кожнага разу быў прыемна ўражаны як колькасцю публікі, так і яе гатовасцю да слухання, дыялогу, цеплынёй прыёму, інтэлігентнасцю. Імпрэзы збіралі тых, хто даўно цікавіцца культурай нашага рэгіёну, і калі я чытаў нейкія тэксты ці проста прамўляў, часам траціна, а то і палова аўдыторыі жвава адгукалася, не чакаючы перакладу. А праз некалькі секундаў да іх далучалася астатняя частка, дзякуючы прафесійнай працы перакладчыкаў. Відавочна, што пасля гэтых сустрэчаў аматараў беларускай літаратуры паболела. Нямецкія арганізатары зрабілі ўсё, каб аўтарам падчас сустрэчаў было максімальна камфортна. Цягам трох чытанняў мне дапамагала ажно чатыры перакладчыкі. І ўпершыню на Лейпцыгскім кірмашы мне не прапаноўвалі выступаць па-польску або па-руску, бо ў Нямеччыне знайсці беларуска-нямецкага перакладчыка - ужо не праблема”. Дыяпазон тэмаў дыскусіяў вагаўся ад самых сур’ёзных - пра часам балючыя дачыненні Беларусі і Украіны з Еўразвязам - да лёгка-іранічных, калі Андрэй Хадановіч разам з Сяргіем Жаданом і польскім пісьменнікам Пётрам Семянам разважалі пра будучы чэмпіянат Еўропы па футболе Еўра-2012 і яго магчымы ўплыў на грамадства і культуру нашых краінаў. Хадановіч і Жадан агучылі канспіралагічную тэорыю, што свой унёсак у развал СССР зрабіў фурор беларускіх і ўкраінскіх футбольных камандаў на пачатку 1980-х. Эмацыйнай кульмінацыяй суботняга дня зрабіўся міжнародны паэтычны слэм з удзелам паэтаў з чатырох краінаў, якія чыталі на пяці мовах. Тон вечарыне, якая адбылася ў гарадскім тэатры “Скала”, задаў найлепшы слэмер Нямеччыны Бас Бётхер. Выбухі смеху выклікаў іранічны паляк з Бірмінгему Богдан Пясэцкі. Рускамоўная паэтка з Данбасу Алена Заслаўская збіла градус весялосці вершамі аб жорсткім каханні на фоне дэпрэсіўных краявідаў украінскага Паўднёвага Усходу. Закончыў слэмаўскую частку вечарыны Андрэй Хадановіч, завёўшы залю сваёй пазітыўнай энергетыкай і крыху чарнаватым беларускім гумарам. Па заканчэнні слэму адбыўся паэтычна-музычны перформанс: знакаміты ўкраінскі паэт Сяргій Жадан чытаў свае вершы пад музыку харкаўскага гурту “Сабакі ў космасе”. Шматнацыянальная публіка проста танчыла пад вершы.

Радыё Свабода