Польскі стрыт-арт супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

Пару дзён таму ў Варшаве з’явіліся плакаты з адпаведнымі заклікамі. Аўтары акцыі спадзяюцца, што іх пачуюць у Еўрапарламенце.

18-19 лютага ў Варшаве з’явіліся плакаты, якія заклікаюць адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі. Акцыю ініцыявала варшаўскае рэкламнае агенцтва DDB Warsaw.

“Было ўражанне захаплення і радасці, што нам удалося распачаць гэтую акцыю. Акцыя ўвесь час развіваецца, мы атрымоўваем водгукі, і гэта для нас вельмі прыемна. Будзем старацца папулярызаваць кампанію праз медыі. Маем падтрымку еўрадэпутатаў. Вельмі хацелі б, каб наш заклік дайшоў да Брусэля, а не скончыўся толькі ў Варшаве”, — дзеліцца сваімі ўражаннямі з Еўрарадыё адна з супрацоўніц агенцтва DDB Warsaw.

Паводле яе слоў, у самой Польшчы меркаванні адносна смяротнага пакарання падзяляюцца: хтосьці падтрымлівае такую меру пакарання, а хтосьці яе асуджае. Але падчас расклейкі плакатаў актывісты не заўважылі негатыўнай рэакцыі з боку мінакоў .

Супрацоўніца DDB Warsaw: “Мінакі былі заінтрыгаваныя. Пыталіся, чаму прысвечана акцыя. Некаторыя спыняліся, размаўлялі з намі на гэтую тэму. Не сустрэлі ніводнай негатыўнай рэыакцыі. Звычайна людзі праяўлялі цікавасць”.

Плакат стварылі вулічныя мастакі з Варшавы. Гэтыя плакаты расклейваліся ў спецыяльных дазволеных месцах. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці магчыма такое ў Беларусі.

“У нас гэта ўсё адбываецца нелегальна. І жывуць трафарэты, постэры ці графіці зусім нядоўга. Можа нават 2 гадзіны ці менш. Залежыць ад месца і ад выявы. У асноўным, ЖКГ ставіць на малюнках і выявах звычайныя квадраты”, — распавядае Еўрарадыё вулічны мастак з Мінска Яўген.

Яўген кажа, што часам атрымоўваецца дамовіцца з адміністрацыямі раёнаў і пад выглядам добраўпарадкавання “легальна” памаляваць на мінскіх вуліцах. Праўда, сацыяльныя ці палітычныя тэмы лепш не закранаць.

Спампаваць шаблон плаката і далучыцца да ініцыятывы “Вызваліць Беларусь ад смяротнага пакарання” можна праз інтэрнэт-старонку кампаніі.

euroradio.fm