У Літве беларуская суполка судзіцца з Мінюстам за Бяляцкага

Адна з віленскіх беларускіх грамадскіх арганізацыяў судзіцца з Міністэрствам юстыцыі Літвы наконт перадачы дадзеных аб рахунках беларускіх праваабаронцаў рэпрэсіўным органам Беларусі. Адбыўся разгляд справы ў Віленскім акруговым адміністрацыйным судзе.
Адна з віленскіх беларускіх грамадскіх арганізацыяў судзіцца з Міністэрствам юстыцыі Літвы наконт перадачы дадзеных аб рахунках беларускіх праваабаронцаў рэпрэсіўным органам Беларусі. Адбыўся разгляд справы ў Віленскім акруговым адміністрацыйным судзе. Скарга была пададзеная летась, пасля затрымання беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Згуртаванне беларускай моладзі Віленшчыны звярнулася ў Міністэрства юстыцыі Літвы з просьбай адклікаць звесткі пра банкаўскія рахункі беларускіх праваабаронцаў і грамадскіх дзеячаў, якую Літва перадала ў Беларусь.

Кіраўнік Згуртавання беларускай моладзі Віленшчыны Валеры Савянкоў і прадстаўнік мінюсту Літвы Аляксандрас Івановас. Фота «Дома аб’яднанай Беларусі ў Літве»

Ліст літоўскага міністэрства юстыцыі, накіраваны ў Беларусь 24 жніўня 2011 г., з просьбай «лічыць перададзеныя звесткі аб рахунках А.Бяляцкага і В.Стэфановіча ў банках Літвы несапраўднымі», арганізацыя называе недастатковым крокам, бо гэта не перашкодзіла беларускім уладам асудзіць А.Бяляцкага на падставе дадзеных, атрыманых з Літвы.

На пытанне пазоўніка ў часе судовага разбіральніцтва аб тым, ці была афіцыйная пячатка на арыгінале гэтага ліста і на якой мове быў арыгінал, прадстаўнік Мінюста Літвы Аляксандрас Івановас адказваў аднолькава: «Не магу сказаць».

Гэткім жа быў адказ на пытанне пазоўніка аб тым, што было зроблена пасля публічнага абяцання міністра юстыцыі Літвы «зрабіць усё магчымае, каб вызваліць Алеся Бяляцкага». Без адказу засталося і пытанне пазоўніќа адносна таго, хто мог перадаваць інфармацыю аб апазіцыянерах і праваабаронцах беларускім рэпрэсіўным органам, бо сталася вядома, што першасная інфармацыя аб рахунках беларускіх дзеячаў у Літве паступала з Мінюсту ад асобы з ініцыяламі «А.Б» яшчэ год таму.

«Гэта тычыцца не проста нашай арганізацыі, гэта пытанне маральнай адказнасці Літоўскай дзяржавы, якая не зрабіла таго, што магла б зрабіць для вызвалення беларускіх палітвязняў. Замест паперы, аб якой было загадзя вядома, што яна не мае юрыдычнай моцы, павінен быў быць дасланы афіцыйны зварот, які б меў афіцыйную моц, у Вярхоўны суд Беларусі альбо Мінюст РБ, і які б зрабіў па-сапраўднаму немагчымым скарыстаць у судзе нават фармальна тыя звесткі аб рахунках, з-за якіх Аляся Бяляцкага асудзілі. Мінюст Літвы мусіць адказаць за тую маральную і матэрыяльную шкоду, якая гэтым была ўчыненая супраць беларускіх дзеячаў, а суд хай ацэніць гэтую шкоду і вызначыць адказнасць чыноўнікаў Мінюсту», — заявіў кіраўнік Згуртавання беларускай моладзі Віленшчыны Валеры Савянкоў пасля судовага разбіральніцтва.

Суддзя Галіна Зайкаўскайце паведаміла, што рашэнне суду будзе абвешчанае 5 сакавіка.

Радыё Свабода