У Бельску ўшанавалі памяць беларускай паэтэсы Марылькі Базылюк-Саснюк

Памяць беларускай паэтэсы і настаўніцы Марылькі Базылюк-Саснюк ушанавалі ў Ратушы Бельска Падляшскага (Польшча). Тут прайшла прэзентацыя прысвечанай ёй кнігі і вечарына памяці.

Памяць беларускай паэтэсы і настаўніцы Марылькі Базылюк-Саснюк ушанавалі ў Ратушы Бельска Падляшскага (Польшча). Тут прайшла прэзентацыя прысвечанай ёй кнігі і вечарына памяці.

Кніга пра Марыльку – нестандартная, адна з нешматлікіх кніжак, выдадзеных без падтрымкі ўстановаў культуры ці міністэрства, а дзякуючы ініцыятыве сяброў паэтэсы. Да мастацкага афармлення кнігі спрычыніўся мастак і блізкі сябра паэтэсы Лявон Тарасевіч.

Вельмі добра, што такая кніжка паўстала ў нашым асяроддзі. Калі я працаваў над гэтай кніжкай, я хацеў зрабіць яе прымальнай для ўсіх, каб яна была як бы такой сучаснай іконай. Таму выбраны такія колеры і ў сярэдзіне так выглядае”, -- адзначыў Лявон Тарасевіч.

У кніжцы змешчаны недрукаваныя раней вершы Марылькі, яе магістарская праца, успамін Міколы Ваўранюка і фатаграфіі, пачынаючы з дзяцінства і да часу, калі Марылька сама стала маці. Кніжка заканчваецца партрэтам, змешчаным на некалькіх старонках, якія становяцца штораз цямнейшымі.

Прэзентацыя кнігі сабрала ў бельскай Ратушы поўную залю сяброў, знаёмых і блізкіх паэтэсы. Гэта першае друкаванае выданне пра Марыльку Базылюк-Саснюк, якая адыграла вялікую ролю ў абуджэнні нацыянальнай свядомасці выхадцаў з Падляшша ў 80-х пачатку 90-х гадоў.

Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя