У Бельску пройдзе вечарына памяці беларускай паэткі Марыі Базылюк-Саснюк

Аб’яднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, “АБ-БА” выдала кнігу “Марылька”, прысвечаную беларускай паэтцы, дзяячцы беларускага нацыянальнага руху на Беласточчыне Марыі Базылюк-Саснюк.

Аб’яднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, “АБ-БА” выдала кнігу “Марылька”, прысвечаную беларускай паэтцы, дзяячцы беларускага нацыянальнага руху на Беласточчыне Марыі Базылюк-Саснюк.

Вечарына памяці Марыі Базылюк-Саснюк і прэзентацыя кнігі адбудзецца 18 лютага ў 17 гадзінаў у ратушы ў Бельску Падляшскім (Польшча). Між іншым падчас вечарыны пройдзе канцэрт гуртоў «0-85» з Беластока і «Людзі на балоце» з Гародні.

Ідэя выдаць кнігу ўзнікла недзе 4 гады таму назад, узгадвае старшыня аб’яднання АБ-Ба Барбара Пякарская. Атрымалі адабрэнне сям'і Марылькі і пачалі збіраць вершы, якія пакінула паэтэса, фатаграфіі, успаміны. «Да канчатковага выгляду кніжкі спрычынілася шмат людзей,» – кажа Барбара Пякарская.

- Пачалі працаваць над кніжкай, крыху гэта зацягнулася. Вельмі вялікую рэдактарскую працу зрабіў Мікола Ваўранюк, які сабраў усё ў адно, напісаў успамін пра Марыльку. Вялізную працу зрабіў Юрак Асеннік, таксама памагаў ім Павел Гжэсь. Пасля Ваўранюкі, Асеннікі і мы скончылі гэтую працу. Артыстычная задума Лёніка Тарасэвіча.

Марылька Базылюк пайшла з жыцця пасля цяжкай хваробы 16 гадоў таму. Для пакалення, якое ўваходзіла ў жыццё ў 1980-90-х гадах, была не толькі сяброўкай, але і настаўніцай. Сваім прыкладам паказала як цаніць і шанаваць сваё, роднае, беларускае.

Перад вечарынай а 16:00 адбудзецца паніхіда ў Міхайлаўскай царкве ў Бельску Падляшскім.

***

Марыя Базылюк- Саснюк (1959 - 1996) – настаўніца, паэтка, дзеячка беларускага нацыянальнага руху на Беласточчыне. Выхавалася на хутары Абезянава вёскі Кленікі, закончыла Бельскі беларускі ліцэй і беларускую філалогію ў Варшаўскім універсітэце. Дзейнічала ў Беларускім аб'яднанні студэнтаў. Працавала настаўніцай беларускай мовы ў родных Кленіках, пазней – у Пачатковай школе №3 у Бельску Падляшскім.

Паводле Радыё Рацыя і ab-ba.com