Сябры літаратурнага аб'яднання "Белавежа" распачалі новы творчы год

Прэзентацыяй перакладу кніжкі Міхася Андрасюка “Белы Конь” і зборніка паэзіі Дзмітра Шатыловіча адзначылі пачатак новага года сябры беларускага літаратурнага аб’яднання "Белавежа" (Бельск Падляшскі, Польшча). У час сустрэчы былі прэзентаваны таксама іншыя выданні, у тым ліку дзясяты ўжо “літаратурны альманах”.

Ян ЧыквінПрэзентацыяй перакладу кніжкі Міхася Андрасюка “Белы Конь” і зборніка паэзіі Дзмітра Шатыловіча адзначылі пачатак новага года сябры беларускага літаратурнага аб’яднання "Белавежа" (Бельск Падляшскі, Польшча). У час сустрэчы былі прэзентаваны таксама іншыя выданні, у тым ліку дзясяты ўжо “літаратурны альманах”.

Гэта зборнік твораў больш чым трыццаці аўтараў – сябраў аб’яднання. Сярод іх таксама ёсць і пісьменнікі з маладога пакалення "белавежцаў".

Як адзначае старшыня аб’яднання, прафесар Ян Чыквін, таварыства ад пачатку існавання адкрытае для маладых творцаў.

- Мы можам падказаць маладым людзям. І гэтага не трэба сароміцца, калі нехта больш дасведчаны, больш вопытны нешта можа падказаць. І было б добра, каб ліцэісты, студэнты даведаліся, што можна папрасіць, каб мы прачыталі і далі ацэнку іх твораў.

У мінулым годзе аб’яднанне "Белавежа" выдала зборнік вершаў “Дачка Ружы” дваццацігадовай Кацярыны Сянкевіч. Гэта наймалодшая дэбютантка ў гісторыі таварыства.

У час сустрэчы "белавежцаў" былі абмяркаваны таксама выдавецкія планы. У 2012 годзе выйдзе з друку літаратурны штогадовік “Тэрмапілы”. У далейшай будучыні плануецца таксама выданне “Альманаха” да юбілея - 55-годдзя ўзнікнення "Белавежы".

Лукаш Леанюк, Радыё Рацыя