Правядзенне "Басовішча-2012" пад пытаннем

Беларускае аб’яднанне студэнтаў сёлета не атрымала фінансавай датацыі ад польскага міністэрства адміністрацыі і інфарматызацыі на правядзенне фестывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча”.

Беларускае аб’яднанне студэнтаў сёлета не атрымала фінансавай датацыі ад польскага міністэрства адміністрацыі і інфарматызацыі на правядзенне фестывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча”.

Адмову міністэртва тлумачыць недабрасумленным стаўленнем арганізатараў да фінансавых справаздачаў, якія назіраліся апошнія некалькі гадоў. Старшыня БАСа Кася Кузьміч на нашыя тэлефанаванні не адказвае. Для выдання “Часопіс” яна паведаміла, што інфармацыя для яе была нечаканай, але пытанне ў міністэрстве будзе вырашацца, і "Басовішча-2012" абавязкова адбудзецца.

Былыя арганізатары фестывалю таксама спадзяюцца, што фестываль адбудзецца. Сярод іх Лукаш Сцепанюк.

- Наколькі помню, у гісторыі "Басовішча" такога яшчэ не было. Хаця ў апошнія гады ўвесь час можна было пачуць, што ёсць нейкія праблемы з разлікамі дзяржаўных грошай. Але, як чытаем у пісьме міністэрства, праблемы, аказваецца, былі больш сур’ёзнымі, чым усім нам здавалася. Спадзяюся, што "Басовішча" ўсё ж такі адбудзецца. І я як суарганізатар фестывалю з 1997па па 2000 год абяцаю падтрымку і дапамогу, калі гэта будзе патрэбна.

З ліста, які рэдакцыя Радыё Рацыя атрымала ад міністэрства адміністрацыі і інфарматызацыі, вынікае, што, улічваючы праблемы заяўніка і важнасць фестывалю «Басовішча» для развіцца беларускай нацыянальнай меншасці на Падляшшы, міністэртсва ў студзені зробіць дадатковы конкурс на атрыманне гранту дзеля правядзення фестывалю.

Улад Грынеўскі, Радыё Рацыя