Рада БНР: амбасадар Сурыкаў мае стаць «персонай нон грата»

Рада БНР распаўсюдзіла заяву з нагоды апошніх выказванняў амбасадара Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава.

Амбасадар Расійскай Федэрацыі ў Беларусі А. Сурыкаў заявіў у інтэрвію газеце «Звязда», што ў выпадку абвастрэння валютна-фінансавай сітуацыі Беларусі «варта падумаць пра пераход на агульную з Расіяй валюту». У заяве Рады БНР гаворыцца, што Сурыкаў таксама «даў зразумець, што Масква будзе перашкаджаць вытворчасці легкавых аўтамабіляў на тэрыторыі Беларусі, калі яна будзе наладжаная ў абыход інтарэсаў Расіі». «Гэтыя заявы, — гаворыцца ў заяве, — выяўляюць сапраўднае, імперскае стаўленне Расіі да незалежнасці нашай краіны. Не сакрэт, што толькі дзякуючы Расіі Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе — пацверджанне гэтаму і крызіс 1996 года, калі «маскоўскі дэсант» уратаваў Лукашэнку ад імпічменту, і так званыя выбары 2001, 2006, 2010 гадоў, перад якімі Крэмль выдаткоўваў лукашэнкаўскаму рэжыму мільярдныя крэдыты. Насуперак памылковаму і распаўсюджанаму ўяўленню, Расія не з’яўляецца донарам Беларусі. У выпадку, калі б ў 1994 годзе быў абраны еўрапейскі шлях развіцця, прамысловы, транзітны і, найперш, чалавечы, інтэлектуальны патэнцыял дазваляў Беларусі цягам некалькіх гадоў стаць нароўні з постсавецкімі краінамі Усходняй Еўропы. Аднак палітыка прарасійскага кіраўніка краіны, уцягванне Беларусі ў вайсковую сістэму АДКБ, якая кантралюецца маскоўскім Генштабам, размяшчэнне расійскіх вайсковых базаў, — паставілі заслону паміж Беларуссю і дэмакратычнымі еўрапейскімі краінамі. Выкарыстоўваючы Беларусь як найважнейшы для сваіх стратэгічных інтарэсаў вайсковы плацдарм, Масква расплачваецца з Лукашэнкам падачкамі, якіх, аднак, хапае, каб падтрымліваць ілюзію эканамічнай стабільнасці. Ва ўсялякім разе, хапала да апошняга часу. Эканамічны крызіс, дэвальвацыя нацыянальнай валюты паставілі ўладу Лукашэнкі пад пагрозу, аднак і тут Масква прыйшла яму на дапамогу. Узамен Расія дамаглася яшчэ большай палітычнай і эканамічнай залежнасці Беларусі — праз уваход нашай краіны ў т. зв. Мытны звяз ды поўны кантроль над «Белтрансгазам» — сцьвярджаецца ў заяве. Рада БНР піша што «неаднаразова звяртала ўвагу на імперскую палітыку Расіі ў дачыненні да Беларусі; цяпер жа гэтая палітыка стварае рэальную пагрозу беларускай незалежнасці. Расія ніколі не падтрымлівала дэмакратычныя памкненні беларускага грамадства; паказальна, што афіцыйная Масква ні слова не сказала ў абарону беларускіх палітычных вязняў». Заканчваецца заява Рады БНР наступным цверджаннем: «Расійскі амбасадар Сурыкаў і раней дазваляў сабе выказванні, якія выходзілі па-за межы нормаў паводзінаў кіраўніка дыпламатычнай місіі. Аднак яны заставаліся без адэкватнага адказу з боку лукашэнкаўскага МЗС. Цяперашнія ягоныя заявы выяўляюць абсалютна недапушчальнае для дыпламата ўмешванне ва ўнутраныя справы суверэннай краіны. Рада БНР лічыць, што спадар Сурыкаў павінен быць абвешчаны “персонай нон грата“ і неадкладна пакінуць тэрыторыю Беларусі. У выпадку, калі гэта не будзе зроблена цяпер — гэта павінна будзе зрабіць новая дэмакратычная ўлада, незалежна ад таго, якую пасаду будзе займаць цяперашні расійскі амбасадар».

Радыё Свабода