Адбылася святочная сустрэча беларусаў Варшавы

У памяшканні рэдакцыі часопіса ResPublica Nowa ў Варшаве 15 снежня прайшла святочная сустрэча беларусаў Варшавы. Галоўнымі пунктамі перадкаляднага спаткання сталі прэзентацыя самых важных падзей, якія адбыліся ў Беларусі і свеце цягам апошняга года, а таксама выступленне паэтэсы Валярыны Куставай.
Прысутныя мелі магчымасць паслухаць справаздачы з падарожжаў Валярыны, м.ін. з ахопленага рэвалюцыяй Егіпта ды Ізраіля, а таксама пазнаёміцца з паэтычнай творчасцю маладой літаратаркі.

Як адзначае Кацярына Пшыбыльская, старшыня Беларускага шуманаўскага таварыства і рэдактар тэлеканала «Белсат», такія сустрэчы ладзяцца з недахопу беларускіх мерапрыемстваў у Варшаве:

- Я асабіста вельмі люблю сустракацца з беларусамі, мне здаецца, што гэтага не хапае цяпер. Адна справа, калі людзі тут жывуць доўга, з іншага боку «каліноўцы», якія не заангажаваныя ў сустрэчы з беларусамі ў Варшаве. А вельмі хацелася б адчуваць сябе больш па-беларуску ў Варшаве. Валярына прыехала на праграму «Белсата». Было жаданне, быў час, вось і сустрэліся.

У час сустрэчы асвятляліся значныя для Беларусі падзеі, сярод якіх эканамічны крызіс, прысуд Алесю Бяляцкаму, удзел каманды БАТЭ Барысаў у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў ды шмат іншых. Сустрэча беларусаў Варшавы прайшла ў вельмі ўтульнай, сямейнай атмасферы, а закончылася супольным пачастункам.

Радыё Рацыя