У школах Гайнаўшчыны дзеці вывучаюць беларускую мову

На тэрыторый вясковай Гайнаўскай гміны, на Падляшшы (Польшча), працуе толькі некалькі школаў. Самая вялікая з іх, якая ўключае пачатковую школу і гімназію, знаходзіцца ў Дубінах.

Тут амаль палова дзяцей вывучаюць беларускую мову – кажа дырэктар гімназіі Тамара Крайнік. Паводле яе словаў, ёсць жаданне наладзіць кантакты са школамі ў Беларусі:

- Мы шукаем кантактаў са школамі ў Беларусі, і нам нават консул прапанаваў дапамогу ў пошуку такой школы. Мы прыкладаем шмат высілкаў да таго, каб знайсці такую школу і гэтая тэма дагэтуль застаецца актуальнай.

Настаўніца беларускай мовы ў шклоле ў Новым Корніне Яўгенія Сухадола кажа, што большасць дзяцей у школе вывучаюць беларускую мову. І наракае на недахоп падручнікаў:

- Перш за ўсё не хапае падручнікаў. Таму я карыстаюся сайтам “Нашыя дзеткі”, там ёсць розныя вельмі цікавыя дапаможнікі, але ў першую чаргу ўсё ж такі не хапае падручнікаў. Вельмі шкада, што няма "Літарынкі". Я раблю ім ксеракопіі, іншага выйсця пакуль няма.

На тэрыторыі вясковай гміны Гайнаўка існуе яшчэ адна невялічкая – непублічная – школа ў Арэшкаве. У ёй беларускую мову вывучаюць сто працэнтаў вучняў, а таксама ўсе дашкольнікі, якія наведваюць прышкольны дзіцячы садок.

Радыё Рацыя