У Варшаве затрыманы Алесь Міхалевіч

Прыкладна, а 15 гадзіне па мінскім часе ў варшаўскім аэрапорце імя Шапэна быў затрыманы экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч. Палітык накіроўваўся ў Лондан, на рэйс ужо спазніўся. Затрыманне рабілі польскія памежнікі па патрабаванні галоўнага каменданта пракуратуры.
«Хутчэй за ўсё, гэта па той самай двухбаковай дамове, па якой выдавалі рахункі Алеся Бяляцкага, — кажа Міхалевіч. — Калі іх першы выпадак нічому не навучыў, то што ж тут зробіш».

Міхалевіч прагназуе, што сёння яго сапраўды могуць арыштаваць. “Пасля “амерыканкі” і Валадаркі польская турма не выглядае такой ужо страшнай. Мяне ўжо хацелі пасадзіць у камеру, але я настаяў на тым, што яшчэ афіцыйна не арыштаваны, а толькі затрыманы”.

Алесь Міхалевіч быў кандыдатам у прэзідэнты на выбарах у Беларусі. Арыштаваны 19 снежня. На волю выйшаў у лютым пасля таго, як падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ. Зрабіў заяву аб катаваннях у “Амерыканцы”. Пасля гэтага быў вымушаны з’ехаць з краіны. Атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Наша Ніва

Фота: Еўрарадыё