Беларусы пікетуюць "Росатом" у Маскве

Грамадскія актывісты з Беларусі бяруць у Маскве ўдзел у пікетаванні кампаніі "Росатом", якая мае намер будаваць беларускую АЭС.

Падставай для пікету сталі заявы беларускіх афіцыйных асобаў пра магчымасць падпісання Лукашэнкам і Мядзведзевым крэдытнага пагаднення і кантракту на будаўніцтва беларускай АЭС падчас сённяшніх мерапрыемстваў у Маскве альбо 25 лістапада, падчас пасяджання Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. Паводле прадстаўніка Міжнароднага сацыяльна-экалагічнага звязу Андрэя Ажароўскага, пікет праходзіць мірна: "Удзельнікі, а іх каля трыццаці чалавек, разгарнулі вялізныя жоўтыя расцяжкі "Астравецкая АЭС — дзякуй, не трэба!" і "Росатом, рукі прэч ад Беларусі!" на фоне сталінскага будынка "Росатома" ў цэнтры Масквы. Міліцыя вядзе сябе спакойна, ахова "Росатома" папрасіла не перакрываць праезд на іх тэрыторыю, а мы стаім каля галоўнага ўваходу. Тут жа з’явілася сімвалічная трохметровая лялька "Ядзерная смерць",на якой напісана "Чарнобыль, Фукусіма, АЭС-2006" — гэта тое, што "Росатом" прапануе для Беларусі. Пасля пікету мы аднясем петыцыю кіраўніку "Росатома", у якой гаворыцца, што мы патрабуем адмовіцца ад любых планаў будаўніцтва АЭС у Беларусі". У акцыі бяруць удзел прадстаўнікі Беларускай партыі "Зялёныя", грамадскага аб'яднання "Экадом", кампаніі "Астравецкая атамная — гэта злачынства!", руху "Вучоныя за бяз’ядзерную Беларусь!", групы "Антыатамны супраціў" і беларускай групы сацыяльнай сеткі "ВКонтакте" "За бяз’ядзерную Беларусь!". Таксама ў пікеце ўдзельнічаюць расійскія актывісты. Яны выступаюць супраць фінансавання Расіяй праекту Астравецкай АЭС, якую "Росатом" плануе пабудаваць у пакуль экалагічна чыстай курортнай мясцовасці Беларусі. Удзельнікі пікету ў Маскве ўпэўненыя, што лёс Астравецкай АЭС шмат у чым залежыць ад рашэння Расіі аб выдзяленні крэдыту, якое пакуль не прынятае. "У Маскву прыехаў Лукашэнка і будзе сустракацца з Мядзведзевым. Абодва гэтыя паны — ярыя прыхільнікі атамнай энергетыкі, і мы асцерагаемся, што на сваіх перамовах яны дамовяцца, супраць волі народаў абедзвюх краін, каб будаваць АЭС на тэрыторыі Беларусі, каб Беларусь брала гэты страшны 9-мільярдны крэдыт. Гэта адна з прычынаў выступу сёння", — сказаў Ажароўскі.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода