Джым Дынглі: «Калі да нас захоча прыехаць Лукашэнка, мы скажам: «калі ласка!»»

Старшыня Англа-беларускага таварыства перакладае Арлова і каментуе маўклівыя пратэсты.

«Наша Ніва» сустрэлася з Джымам Дынглі, старшынёй Англа-беларускага таварыства Вялікабрытаніі, які вяртаўся з Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі, што прайшоў на мінулым тыдні ў Каўнасе. Спадар Дынглі расказаў «НН» пра фінансавыя цяжкасці Таварыства, пераклад кнігі Уладзіміра Арлова, а таксама растлумачыў, чаму брытанскія гісторыкі не ўспрымаюць Беларусь як асобную краіну.

«НН»: Раскажыце, калі ласка, з чаго пачалася ваша цікавасць да Беларусі?

Джым Дынглі У 1964 г. я пачаў працаваць у Нацыянальнай бібліятэцы пры Брытанскім музеі, дзе займаў пасаду асістэнта — дапамагаў наведвальнікам працаваць з матэрыяламі. Там я аднойчы і пазнаёміўся з маладым беларускім святаром айцом Аляксандрам Надсанам. Аднойчы мы абедалі разам, і ён распавёў мне пра Скарыну. Я славіст, скончыў Кембрыдж, аднак ніколі не чуў пра такога чалавека, як і пра існаванне дзяржавы пад назвай Вялікае княства Літоўскае. Я зацікавіўся, пачаў бываць у калекцыі кніг біскупа Чэслава Сіповіча, на базе якой пазней была створана бібліятэка і музей імя Францішака Скарыны. Дарэчы, можна сказаць, што Скарына «пазнаёміў» мяне з жонкай — праз яго я пачаў цікавіцца беларускім пытаннем, і ў 90-м годзе на канферэнцыі ў Полацку я сустрэў сваю будучую жонку.

«НН»: Што зараз адбываецца ў Таварыстве?

ДД: Зараз я займаю пасаду старшыні Англа-беларускага таварыства. У 60-я, 70-я і 80-я гады таварыства праводзіла шыкоўныя лекцыі па беларускай тэматыцы, выдаваўся часопіс Journal of Belorussian Studies. А пасля стала цяжэй, прыпыніўся выпуск часопісу. Цяпер мерапрыемстваў стала меней, хаця ў канцы кастрычніка ў нас будзе прэзентацыя кніг пра Беларусь, адну з якіх напісаў былы пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Браян Бэнэт. Ён мае свой погляд на беларускую сітуацыю, і ён далёка не ў захапленні ад таго, што адбываецца ў Беларусі.

Гэтая кніга будзе распавядаць пра ягоны досвед працы паслом у Мінску -- гэтая кніга канешне ж не прыйдзецца даспадобы беларускім уладам.

«НН»: Ці праводзіце вы нейкія традыцыйныя мерапрыемства?

ДД: Штогод мы ладзім некалькі традыцыйных святаў, напрыклад 21 лютага — Дзень роднай мовы. І, канешне ж, Купалле. Адбываецца яно ў дворыку нашага Дома, мы імкнемся па меры магчымага захаваць беларускія традыцыі. Сёлета на Купалле прыйшло чалавек 50.

«НН»: Ці мяркуеце вы прывозіць дзеячоў беларускай культуры ў Лондан?

ДД: Для мерапрыемстваў у нас няма вялікай залі. Раней была, але цяпер у ёй уніяцкая капліца. Вось прыязджаў Лявон Вольскі, стварыў вельмі добрае ўражанне на ўсіх — спяваў песні, вершы чытаў. Аднак рабіць такія мерапрыемствы рэгулярнымі ў нас таксама не атрымліваецца, хутчэй мы робім такія імпрэзы раптоўна, калі ніхто не чакае. А зараз у нас «мёртвы сезон» пасля вакацый і да кастрычніцкіх прэзентацый мы нічога не рыхтуем. Я звяртаюся да беларускага амбасадара, калі ў Лондан прыязджаюць беларускія музыкі, ці іншыя культурныя дзеячы — але гэта адбываецца вельмі рэдка.

На рахунку таварыства — 600 фунтаў

«НН»: Якія вы маеце ўражанні ад Кангрэсу даследчыкаў Беларусі?

ДД: Кангрэс у Каўнасе выклікаў змешаныя пачуцці. З аднаго боку сабраць 200 чалавек навукоўцаў на такое мерапрыемства — гэта вялікая заслуга арганізатараў. З іншага боку, пэзныя моманты нагадвалі палітычную імпрэзу, бо частка дакладчыкаў проста выказвала свае ўласныя думкі па бягучай сітуацыі, а гэта не навуковы падыход.

Ці варта было ехаць у Каўнас, каб абмеркаваць палітычнае становішча? З іншага боку, гісторыя не можа не быць палітызаванай.

«НН»: Ці плануецца выхад іншых беларускіх кніг на англійскай мове ў бліжэйшы час?

ДД: Я зараз перакладаў кнігу Ўладзіміра Арлова «Краіна Беларусь», сам пераклад ужо скончаны, засталося папрацаваць з тэхнічным рэдактарам. Выдаваць яе будуць у Беларусі, нажаль ніводнае англійскае выдавецтва не возьмецца за такі некамерцыйны праект. Я крыху апасаюся за гэтае выданне — бо невядома якой будзе рэкламная прамоцыя, усё залежыць ад яе.

«НН»: Наколькі вострае фінанасавае пытанне для Таварыства?

ДД: Згуртаванне беларусаў мела грошы пасля Другой сусветнай вайны, яны былі вельмі шчодрымі купілі гэты дом. Зараз на рахунку нашага таварыства роўна 600 фунтаў — становішча цяжкае. Старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны хацеў, каб мы займаліся выключна культурніцкімі праектамі, аднак мы лічым, што культура не можа быць адасобленай ад іншых сфераў. Мы імкнемся не дзяліць беларускую культуру, беларускую сітуацыю на дзве плыні — мы адкрытыя для ўсіх беларусаў. Я заўжды казаў, калі Аляксандр Лукашэнка захоча да нас прыехаць, мы скажам: «калі ласка!».

«НН»: Ці ёсць цікавасць да беларускай культуры ў англічан?

ДД: Цікавасць англічан да Беларусі, да беларускай культуры вельмі нізкая, ды і ведаюць пра Беларусь вельмі мала і далёка не ўсе. У маёй жонкі, калі яна казала, што родам з Беларусі, неаднаразова перапытвалі — «дзе гэта?». Маладзейшыя беларусы Англіі таксама пабаіваюцца да нас прыходзіць, бо не валодаюць беларускай мовай, у адрозненні ад старэйшага пакалення.

«НН»: Ці магчыма выправіць такое становішча?

ДД: Асноўнае пытанне — матэрыяльнае. Брытанскія гісторыкі нічога не ведаюць пра гісторыю Беларусі. Бо ўся літаратура, якая выходзіць на англійскай мове на гэтую тэму — гэта пераклады з літоўскіх і польскіх крыніцаў, якія маюць выразны польскі ці літоўскі ўхіл. Не хапае беларускай перспектывы. Хацелася б выдаць кнігі Смаленчука і Краўцэвіча. Можна знайсці выдавецтва ў Польшчы, ці змясціць гэтыя кнігі ў інтэрнэце. А то атрымліваецца, што

ва ўяўленні гісторыкаў, паводле перакладзеных кніг, Беларусь гэта «краіна, якой не павінна існаваць», як пісалі раней пра ГДР.

«НН»: Вы каментавалі для Бі-Бі-Сі сітуацыю з маўклівымі пратэстамі ў Мінску. У сённяшняй сітуацыі якім вам бачыцца працяг пратэстаў?

ДД: Палітычныя пратэсты любога тыпу ў краіне — гэта нармальна, так і павінна быць. Чым яны скончацца — невядома. Канешне ўсё магчыма, але лонданскі сцэнар (падзеі ў жніўні ў Лондане) для Беларусі амаль нерэальны.

Юрась Ускоў, Наша Ніва