У Варшаве адкрываецца Беларускі дом

26 верасня адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Беларускага дома ў Варшаве.Як паведаміла прэс-служба Беларускага дома, у праграме — прэзентацыя яго дзейнасці, прэс-канферэнцыя заснавальнікаў, канцэрт і прыём.

У прэзентацыі возьмуць удзел заснавальнікі Беларускага дома Алесь Зарэмбюк і Дзмітрый Бародка, а таксама Станіслаў Шушкевіч.

"Мы працуем над тым, каб Беларускі дом у Варшаве заставаўся месцам прадметнай дыскусіі аб будучыні Беларусі, метадах эфектыўнай барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў нашай краіне, платформай, якая будзе аб’ядноўваць беларускую грамаду незалежна ад палітычнай прыналежнасці. Беларускі дом — гэта неафіцыйная амбасада ўсіх беларусаў ў Польшчы", — сказаў Алесь Зарэмбюк. "Беларускі дом будзе займацца аб`яднаннем беларускай дыяспары, арганізацыяй культурных, адукацыйных і інфармацыйных мерапрыемстваў, юрыдычнай падтрымкай беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій, экспертызай і шматлікімі іншымі ініцыятывамі", — паведаміў Дзмітрый Бародка.

Марына Носава, БелаПАН