У Коўне праходзіць Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі

З 23 па 25 верасня даследчыкі Беларусі з Літвы, Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі ды іншых краінаў збяруцца разам, каб на адной пляцоўцы абмяняцца напрацоўкамі ў розных галінах ведаў пра Беларусь.

Панельныя дыскусіі аб палітыцы, гісторыі, эканоміцы, сацыялогіі пройдуць у Ковенскім Універсітэце Вітаўта Вялікага. Па словах аднаго з арганізатараў, дырэктара інстытуту палітычных даследванняў «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, на сённяшні дзень Беларусь цікавіць значную колькасць замежных даследчыкаў.

- Існуе пэўны попыт на веды пра Беларусь з боку Еўрасаюза, нацыянальных урадаў і гэтак далей, якія стымулююць пэўную даследчую актыўнасць. Асноўнай праблемай па даследванні Беларусі з'яўляецца тое, што адсутнічае навуковая інфраструктура, для таго, каб увайсці ў даследаванні Беларусі, каб гэта было эфектыўна з акадэмічнага пункту гледжання. Я думаю, можа, кангрэс хоць у нейкай ступені будзе спрыяць адбудоўванню і наладжванню такой інфраструктуры.

Сёлета ў арганізацыі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі прымаюць удзел 16 беларускіх і замежных арганізацый. Па выніках плануецца таксама выданне матэрыялаў кангрэсу. Сярод запрошаных на кангрэс Валер Карбалевіч, Вінцук Вячорка, Валянцін Голубеў ды іншыя.

Зміцер Косцін, Радыё Рацыя