У Львове пачаў дзейнічаць Беларускі цэнтр

У Львове (Украіна) пачало працу грамадскае аб'яднанне "Беларускі цэнтр". Яго ўзначаліў беларускі праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, які пасля масавых арыштаў апазіцыі ў снежні мінулага года вымушаны быў пакінуць Беларусь і цяпер жыве ва Украіне.

У інтэрв'ю БелаПАН Сіўчык паведаміў, што новая грамадская арганізацыя будзе "спрыяць аб'яднанню дэмакратычных сіл у барацьбе з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, а таксама наладжванню ўкраінска-беларускага супрацоўніцтва".

Беларускі цэнтр працуе ў Львове некалькі дзён. Мы перадусім хочам наладзіць супрацоўніцтва з украінскімі палітыкамі, праводзіць культурныя і гістарычныя мерапрыемствы, каб львавяне ведалі праўду пра Беларусь", — сказаў Сіўчык. У прыватнасці, адзначыў ён, грамадская ўстанова мае намер расказваць пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, палітзняволеных, пра пераслед уладамі людзей за іх грамадзянскую пазіцыю.

"Ідэя стварыць Беларускі цэнтр з'явілася яшчэ летась пасля таго, як беларуская апазіцыя сумесна з прадстаўнікамі ўкраінскіх партый правяла дзясяткі розных акцый у падтрымку палітзняволеных", — паведаміў Сіўчык.

Паводле яго слоў, падобныя беларускія цэнтры плануецца стварыць яшчэ ў некалькіх украінскіх гарадах. "Хацелася б, каб тое, чым мы займаемся тут, дапамагала беларусам, тым людзям, якія цяпер знаходзяцца за кратамі, якія яшчэ выходзяць на акцыі пратэсту. Усе акцыі, якія я тут арганізоўваю, скіраваны на Беларусь", — падкрэсліў Сіўчык.

БелаПАН