Літва дала Наталлі Радзінай палітычны прытулак

Дэпартамент па міграцыі Літвы прыняў рашэнне даць палітычны прытулак рэдактару сайта charter97.org Наталлі Радзінай. Аб гэтым яна паведаміла ў сацыяльнай сетцы Facebook.

"Я ўдзячная ўладам Літвы за палітычны прытулак. Упершыню за 14 гадоў працы беларускім незалежным журналістам я не адчуваю небяспекі. Аднак эмігрантам сябе не лічу і маю намер вярнуцца ў Беларусь адразу ж пасля змянення сітуацыі. А ў тым, што Лукашэнку засталося нядоўга, я не сумняваюся", — заявіла Наталля Радзіна. З 20 снежня па 28 студзеня Радзіна знаходзілася ў СІЗА КДБ, адкуль была адпушчаная пад падпіску аб нявыездзе. Да 30 сакавіка жыла ў бацькоў у Кобрыне, па месцы прапіскі, і працягвала займацца журналісцкай дзейнасцю. Пасля выкліку ў КДБ у Мінск на 31 сакавіка пакінула Беларусь і 1 красавіка была ў Маскве. Там яна змагла атрымаць дакументы пры дапамозе Кіраўніцтва Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у РФ. 28 ліпеня вылецела з расійскай сталіцы ў Амстэрдам, бо Нідэрланды сталі першай краінай, якая аказала ёй падтрымку як бежанцу па лініі ААН. Праз тыдзень яна пераехала ў Літву, дзе папрасіла палітычнага прытулку. У Вільнюсе знаходзіцца офіс сайта charter97.org. 26 жніўня стала вядома, што ў дачыненні да Радзінай спынены крымінальны пераслед у межах справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Сама Радзіна паставілася да гэтай навіны скептычна. "Спыненне крымінальнай справы паводле артыкула 293 КК (масавыя беспарадкі) не азначае адсутнасці крымінальнай справы паводле артыкула 342 КК (удзел у групавых дзеяннях, што парушаюць грамадскі парадак). Як вядома, супраць Дзмітрыя Бандарэнкі, Ірыны Халіп, Анастасіі Палажанка, Уладзіміра Някляева, Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты, Віталя Рымашэўскага, Сяргея Вазняка, Паўла Севярынца, Сяргея Марцалева справа за "масавыя беспарадкі" таксама была спыненая, але потым распачата новая", — адзначыла Радзіна.

Сяргей Пульша, БелаПАН