"Радыё рацыя" загучыць для жыхароў літоўска-беларускага памежжа

З 1 верасня Радыё Рацыя распачало перадачы для жыхароў літоўска-беларускага памежжа на хвалі віленскага радыё 103.8 ФМ. Цягам трох месяцаў навіны, рэпартажы ды інфармацыя з Беларусі і памежжа загучаць па-беларуску і для беларусаў.

У паўгадзінным блоку, які рыхтуюць журналісты Радыё Рацыя, будзе гучаць аператыўная інфармацыя ды беларуская музыка. Па словах старшыні ўправы Радыё Рацыя Яўгена Вапы – віленскае вяшчанне будзе скіраванае адмыслова на жыхароў літоўска-беларускага памежжа:

- Чарговы раз аднаўляецца вяшчанне беларускага Радыё Рацыя на тэрыторыю Вільні і памежных рэгіёнаў, гэта нас вельмі цешыць. Шкада, што гэта толькі пакуль на 3 месяцы, хацелася б, каб гэта было на працягу ўсяго года. Тое, што мы хочам запрапанаваць нашым слухачам на Віленшчыне, гэта не толькі тое, што мы вяшчаем у эфіры агульнабеларускім, але спецыяльныя, адмысловыя праграмы адрасаваныя менавіта да людзей, якія жывуць у Вільні, для людзей на памежных пераходах.

Сярод восеньскіх прапановаў аўтарскае чытанне новых, раней не выдадзеных частак культавай кнігі Уладзіміра Арлова “Адкуль наш род”, таксама таямніцы і кур’ёзы жыцця кантрабандыстаў сабраных Віктарам Сазонавым.

Аператыўная інфармацыя ды беларуская музыка ў паўгадзінным блоку, які рыхтуюць журналісты Радыё Рацыя адмыслова для жыхароў беларуска-літоўскага памежжа.

Далучайцеся да нас на хвалі 103.8 FM ў ваколіцах Вільні, Ашмянаў ды Ліды. Пачатак перадачы а 21.30 паводле віленскага часу.

Кругласутачна эфір Радыё Рацыя можна слухаць у беларуска-польскім памежжы. Яно ахоплівае ўсе дарожныя пагранпераходы: Брузгі-Кузніца-Беластоцкая, Бераставіца-Баброўнікі, Пяшчатка-Палоўцы, Брэст-Тэрэспаль.

Радыё Рацыя чуваць у найважнейшых гарадах і мястэчках Заходняй Беларусі: у Гродне, Брэсце, Ваўкавыску, Шчучыне, Лідзе, Мастах, Высокім, Сапоцкіне, Бераставіцы, Скідзелі, Індуры, Слоніме, Зэльве, Азёрах, Камянцы.

На тэрыторыі польска-беларускага памежжа Радыё Рацыя ахоплівае абшар, які насяляе каля 2,5 мільёнаў чалавек.

Радыё Рацыя