Эканамічны крызіс у Беларусі адбіўся на плацежаздольнасці студэнтаў ЕГУ і на працы ВНУ

Эканамічны крызіс у Беларусі адбіўся на плацежаздольнасці студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ), а значыць, і на працы самой ВНУ. Аб гэтым заявіла прарэктар па пытаннях адміністрацыі і інфраструктуры ЕГУ Ірэна Вайшвілайтэ ў відэаінтэрв'ю, размешчаным на сайце ЕГУ.

Як паведаміла Вайшвілайтэ, кіраўніцтва ЕГУ прадбачыла магчымыя наступствы крызісу ў Беларусі і вырашыла з новага навучальнага года на 50% павялічыць дапамогу студэнтам. "Гэта расцягвае нам бюджэт. Даводзіцца эканоміць, мы ўжо зразаем некаторыя артыкулы расходаў — прыкладна на 100 тысяч еўра", — адзначыла прарэктар. "З другога боку, — прадоўжыла яна, — мы прапанавалі студэнтам выбіраць паміж двухразовай аплатай і платай памесячна, без усялякіх працэнтаў, маючы на ўвазе цяжкасці з доступам да валюты. Мы разумеем, што асаблівыя цяжкасці будуць несці студэнты, якія самі зарабляюць на сваю адукацыю. Мы будзем гаварыць аб гэтым з нашымі донарамі, але не думаем, што хтосьці рынецца нас ратаваць, хутчэй за ўсё, давядзецца прымаць унутраныя меры". Вайшвілайтэ таксама паведаміла, што па міжнароднай праграме абменаў "Эразмус" ЕГУ атрымаў "вялікае фінансаванне". "Амаль 90 тысяч еўра — гта вельмі вялікія магчымасці. Але ўвага студэнтаў да гэтых магчымасцей пакуль недастатковая", — заўважыла яна. ЕГУ таксама плануе пераехаць у іншы будынак. Паводле слоў прарэктара, ужо пачаліся работы па рэканструкцыі "прыгожага старога будынка XVII стагоддзя". "Ён з'яўляецца ўласнасцю літоўскай дзяржавы і не выкарыстоўваўся апошнія 20 гадоў, а дагэтуль там быў склад", — сказала Вайшвілайтэ. Першы мільён літ на рэканструкцыю будынка "толькі што выдзелены праз урадавы фонд Міністэрству адукацыі". Чакаецца, што работы будуць доўжыцца два з паловай — тры гады. Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў адкрыты ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю кіраўніцтва ЕГУ, яго імкненнем да незалежнасці, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе ў статусе беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Асноўную частку студэнтаў ЕГУ складаюць беларусы.

БелаПАН