У Кіеве прайшлі акцыі з нагоды 20-годдзя незалежнасці Беларусі

Каля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Кіеве 25 жніўня прайшоў сумесны беларуска-ўкраінскі мітынг у гонар 20-годдзя незалежнасці Беларусі, а таксама ў падтрымку беларускіх палітзняволеных. Мерапрыемства з дапамогай украінскіх калег арганізаваў старшыня аргкамітэта па стварэнні руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

У мітынгу ўдзельнічалі прадстаўнікі партыі «Наша Украіна», «Украінскай народнай партыі», «Кангрэсу ўкраінскіх нацыяналістаў», «Усеўкраінскага аб’яднання «Свабода» і УНСО. З Беларусі на сустрэчу прыбылі прадстаўнікі зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт», руху «За Свабоду» і руху салідарнасці «Разам».

Пад нацыянальнымі сцягамі Украіны і Беларусі каля помніка Шаўчэнку сабралася каля сотні чалавек. Спецыяльна да мітынгу быў выраблены бел-чырвона-белы сцяг памерам дзевяць на чатыры з паловай метра. Два міліцыянеры назіралі за акцыяй збоку.

Мерапрыемства было санкцыянаванае ўладамі і афіцыйна мела статус сустрэчы з выбаршчыкамі дэпутата ўкраінскай Вярхоўнай рады Андрэя Парубея.

На пачатку мерапрыемства япіскап Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Святаслаў прачытаў малітву "Ойча наш" і дабраславіў мітынг.

На мітынгу выступілі Вячаслаў Сіўчык, экс-міністр замежных спраў Украіны, намеснік старшыні партыі «Наша Украіна» Уладзімір Агрызка, былыя дэпутаты Вярхоўнай рады Украіны, лідар «Правага альянсу» (Беларусь) Юрый Карэтнікаў, гомельскі маладафронтавец Андрэй Цянюта.

«Гэта было ўнікальнае мерапрыемства, упершыню за мяжой праводзіўся маштабны беларускі мітынг. Ён павінен нагадаць беларускай нацыі, што барацьба працягваецца. Без такіх нагадванняў нас нічога не будзе чакаць, акрамя ўмацавання ва ўладзе дыктатуры, — адзначыў Сіўчык у інтэрв’ю БелаПАН. — Я вельмі ўдзячны ўсім украінскім і партыям, і арганізацыям, якія прыйшлі разам з намі адзначыць аднаўленне беларускай дзяржаўнасці, падтрымаць беларускіх палітзняволеных і нагадаць, што ўкраінскі і беларускі народы — гэта братэрскія народы, ім трэба разам змагацца за сваю свабоду».

На мерапрыемстве выступілі беларускія барды і ўкраінскі нацыянальны хор. Быў выкананы гімн «Магутны Божа».

"БелаПАН"